Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 16

Віктар Шніп

Ападае лістота, і Музей Янкі Купалы пачынае віднецца праз восеньскае самотнае золата. У скверы некалькі адзінокіх людзей. Няспешна ходзяць, як грыбнікі.

Пад мостам у Свіслачы плавае некалькі качак. Лістота праплывае каля іх, як парэшткі разбітага сонца.

Па дарозе да плошчы Перамогі прыдумаліся радкі: «Зоркі ў небе, як агні бакенаў на рацэ вечнасці.»

Ад плошчы Перамогі да станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» ехаў на экскурсійным аўтобусе. Выйшаў з яго пасля праслухоўвання інфармацыі пра тое, каля чаго праязджаў, з адной думкай, што Мінск — савецкі горад. Не рускі і не беларускі. Савецкі. Лепей на такім аўтобусе не ездзіць.

На прэзентацыю кнігі Людмілы Рублеўскай сабралася поўная зала. Сярод усіх было каля дзесяці курсантаў вайсковай вучэльні, якія наведваюць амаль усе спектаклі тэатра «Арт.С». Пасля пачатку дзеі праз хвілін пятнаццаць, пакідаючы бібліятэку, каля Людмілы спыніўся дзіўны хлопец гадоў дваццаці пяці ў шэрай спартовай шапцы і, учапіўшыся за яе руку, папрасіў: «Благаславіце маладога паэта!» Людміла разгубілася, а я сказаў: «Давай благаслаўляй! Не бойся!» Патрымаўшы за руку Людмілу, хлопец выгукнуў: «Максім, пайшлі!» Тут жа ўстаў стрыжаны пад нуль хлопец і хуценька следам за «маладым паэтам» пакінуў залу. Праўда, вечарына ад дзівакоў цалкам не пазбавілася. Муж­чына гадоў пяцідзесяці, назваўшыся Русланам Зголічам і членам Расійскага ПЭН-цэнтра, усю прэзентацыю здымаў на смартфон. Спачатку на чорны, а потым на жоўты. Казаў, што ён кінарэжысёр і задумаў зняць фільм пра Рублеўскую, якая будзе Нобелеўскім лаўрэатам.

Спецыяльна на вечарыну з Полацка прыехала Людміліна чытачка, наша сяброўка па фэйсбуку — супрацоўніца Музея беларускага кнігадрукавання

Вера Ашуева. Гэта такі не першы выпадак. Нядаўна, калі ў «Цэнтральнай кнігарні» выступала Людміла, з Маладзечна прыязджала маладая жанчына, якой вельмі даспадобы Пранціш Вырвіч і ягоныя авантуры.

Віншавалі Людмілу і чыталі яе і свае творы: Барыс Пятровіч, Віка Трэнас, Юля Новік, Наталка Кучмель, Таццяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў. Спявалі: Альжбета Спрынчан-Малішэўская, Міхась Бараноўскі, Георгій Барташ, Андрусь Якушаў. Вядоўцы вечарыны — Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі — самі не сумавалі і нікому не давалі сумаваць. Фотамайстра Васіль Кузьмічкін усіх фатаграфаваў. Гаспадыня бібліятэкі Рэгіна Багамолава, як сапраўдная гаспадыня, глядзела за тым, каб усім было добра. І ўсім было добра.

Інфанта, якая цяпер жыве ў кнізе Людмілы Рублеўскай, прысутнічала ў зале. Яе не ўсе бачылі, але яна была.

Зямля вяртаецца ўладарам...

16.10.2015. На прэзентацыі кнігі «З’яўленне Інфанты» Аксана Спрынчан падарыла Людміле жменьку зямлі з Вільні. Цяпер мы ўладальнікі віленскай зямлі. Праўда, гэта ўжо не першае дарэнне віленскай зямлі Шніпам. Ёсць у Вільні былое прадмесце, а цяпер староства Шніпішкі (Сніпішкі, Зпірізгкі, Зпірізкез). У Вікіпедыі напісана, што гэтыя землі Вітаўт падарыў купцу Шніпу амаль 600 гадоў таму.

***

17.10.2015. У скверы маладая маці стаіць на сцежцы і назірае, як малая дачка збірае апалае кляновае лісце. Пад дрэвам пустая пляшка, як руды лядзяк.