Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 20

Віктар Шніп

У Мар’яна пры жыцці выйшлі дзве кнігі — «Чары даўніны» (1989) і «Лабірынт» (1991). Прыход Анатоля Цітова ў выдавецтва быў адным з найрэдкіх выпадкаў, калі пісьменнік прасіў выдаць кнігу сябра па пяры, а не сваю.

***

30.10.2015. Здарыўся цуд! Нам у выдавецтва пошта прынесла газеты «Рэспубліку» і «СБ» за 8 чэрвеня 2013 года і каля дваццаці канвертаў з дакументамі, якія былі высланы нам з бібліятэк, што закуплялі нашы выданні. Апошнія два гады мы тэлефанавалі ў гэтыя бібліятэкі і прасілі даслаць накладныя за атрыманыя кнігі, і заўсёды чулі: «Мы ўсё вам адправілі!» Сярод лістоў прыйшло запрашэнне на свята, што два гады таму адбылося ў Александрыі. Словам, нам прыйшлі лісты з мінулага...

***

30.10.2015. З мэблевай фірмы прыязджаў майстра. Не мінула і паўгода, як мы на кухні амаль закончылі абнаўленне інтэр’еру. Збіраючы інструменты ў сумку і гледзячы на сцены, завешаныя карцінамі і рознымі літаратурнымі ўзнагародамі, хлопец пахваліўся: «А я вучыўся разам з Андрэем Курэйчыкам! Здымаўся ў ягоным фільме «Вышэй за неба». Ведаеце такога?» — «Веда­ем!» — адказаў я. «Калі пачаліся там нейкія праблемы з фільмам, мне давалі падпісаць паперу супраць Андрэя. Я не падпісаў. Дык пасля гэтага мяне з фільма павыразалі...» — прызнаўся аднакласнік Курэйчыка...

***

31.10.2015. Раніцай лістота на прыступках у шматпавярховік, як залатыя сляды бяздомных сабак і катоў.

***

31.10.2015. Ветэрынар для нашай сабачкі Міёны выпісаў патрэбны корм, ад якога не будзе алергіі. Я пайшаў у сабачую краму. Стаю ў чарзе, трымаючы паперчыну, дзе напісана, што мне трэба. Падыходзіць мая чарга. Крамніца бярэ паперчыну, і я падаю свой голас: «Нашай сабачцы трэці месяц.» Жанчына тут жа ўскліквае: «А я думала, што вы не ўмееце гаварыць! Я ўжо хацела крычаць вам на вуха...» Словам, я ў чарзе па сабачы корм у вачах крамніцы быў глуханямым...

***

31.10.2015. Сонечна. Іду па прыхопленай шэранню лістоце. Яна самотна шалясціць пад нагамі і мне чуецца адвечнае: «Вось і ўсё што было.»

***

31.10.2015. У двары сярод яшчэ зялёна-залатых дрэў стаіць бязлістая бяроза. Стаіць, як мёртвая. У двор прыляцела варона і села на бярозу.

***

31.10.2015. Калі прыкласці да вуха марскую ракавінку, можна пачуць шум мора, якое жыве і будзе жыць. Але, калі разгарнуць кніжку і прыкласці да вуха, можна пачуць шум лесу, якога ўжо няма.

***

31.10.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі ў межах выставы «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі» разам з сябрамі «Літаратурнага прадмесця» ўдзельнічаў у паэтычнай імпрэзе, якую вяла Людміла Рублеўская.