Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 17

Віктар Шніп

***

18.10.2015. У краме ў чарзе, як у чарзе па працяг жыцця.

***

18.10.2015. Патэлефанаваў аўтар «Буквара» Анатоль Клышка і выказаў сваё захапленне маімі вершамі, што былі ў «ЛіМе» за 9 кастрычніка. Сказаў, што прачытаў і рэцэнзію Насты Грышчук на маю кнігу «Заўтра была адліга», пасля якой захацелася займець выданне. Прыемна чуць добрыя словы ад аўтарытэтнага пісьменніка, а тым больш, што з майго пакалення (а мо і маладзейшыя), калі што з’явіцца маё на якім-небудзе сайце, дзе можна каментаваць пад псеўданімам, абавязкова напішуць якое-небудзь паскудства. Ствараецца ўражанне, што большасць беларускіх пісьменнікаў шчыра лічаць, што акрамя іх у літаратуры не павінна быць нікога, і калі што вартае з’явіцца на «іхнім полі», яго неадкладна трэба ці патаптаць, ці зрабіць выгляд, што яго няма.

***

19.10.2015. У шыкоўных катэджах не заўсёды існуе разумнае жыццё.

***

20.10.2015. З Людмілай Крушынскай рыхтуем да друку новую кнігу пра Уладзіміра Мулявіна пад яшчэ ўмоўным назовам «І сэрцам, і думамі.» Сёння Людміла Аляксееўна дадала да рукапісу пяць старонак інтэрв’ю з Песняром, якое было запісана ў 1999 годзе і нідзе не друкавалася.

Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў прынёс фотаздымкі з Мулявіным, якія таксама не былі ў друку. Разабраўшыся з матэрыяламі да кнігі, Арлоў паскардзіўся: «Сёлета ездзіў на мора ў Італію з тваёй «Баладай камянёў», якая там ужо была! Падары новую, каб было што налета чытаць!». Падпісаў кнігу «Заўтра была адліга». Развітваючыся, кінарэжысёр сказаў: «Будзеш ладзіць свае выступленні, запрашай мяне!»

Савіцкі і мыш

21.10.2015. Прыходзіў пісьменнік, якому хутка 80. Паразмаўляўшы пра выдавецкія справы, ён распавёў гісторыю пра мастака Міхаіла Савіцкага. Гэта было пасля вайны. Савіцкаму ў вызваленым ад немцаў Мінску далі памяшканне для майстэрні, у якім нічога не было — голыя сцены, у адной з якіх чарнела дзірка. Мастак гэтую дзірку адразу не заладзіў, а потым ужо і не стаў, бо з яе выбягала мышка. Шэрая. Маленькая. Цікаўная. Хутка мышка прывыкла да Савіцкага і стала браць з яго рук хлеб і тут жа есці. Прамінуў нейкі час і мастаку далі новую майстэрню, куды ён пераехаў, забраўшы ўсё, што меў. Адразу ж на наступны дзень Савіцкі адчуў, што яму на новым месцы нечага нестае. І ўзгадалася мышка, якая, паеўшы з рук мастака, падоўгу назірала, як ён малюе. І паехаў Савіцкі на старое месца, каб забраць мышку. Прыехаўшы, доўга клікаў малую, але яна так і не выйшла.

***

23.10.2015. Вяртаючыся дахаты па абляцелым лісці праз нудотны дождж, пачуў радкі:

Ізноўку дождж, як напамін пра тое,

Што быў патоп і можа зноў вада,

Што з дрэў зрывае лісце залатое,

І нас са свету змыць, каб зноў жуда

Адна пад небам дажджавым стаяла,

Трымаючы аблокі над сабой,

Як дрэва крону, што сівою стала,

Дазнаўшыся, што змыта ўсё вадой.

***

23.10.2015. Заўтра субота. Чакаеш выхадных, чакаеш, а яны такія кароткія, як шлях ад камп’ютара да лядоўні.

***

24.10.2015. Заходзіў да Алеся Квяткоўскага ў майстэрню. Пасумавалі, што юбілей Кастуся Тарасава амаль усе, хто яго павінен быў успомніць, праігнаравалі. Але як бы тут цяпер ні было, кніжка Тарасава «Памяць пра легенды» ў 80-я гады для многіх беларусаў стала праўдзівым падручнікам па нашай гісторыі. Узгадалі Анатоля Сыса і тых, хто сёння паехаў у Гарошкаў на свята паэзіі, прысвечанае ягонай памяці. У мяне ёсць нізка хоку, напісаная пяць гадоў таму і прысвечаная Анатолю: