Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 19

Віктар Шніп

***

25.10.2015. Чалавеку для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым не так шмат і трэба. Вось адрамантавалі разам з сынам газавую калонку для нагрэву вады і цяпер на душы радасна. Хоць перамога была над калонкай, але ж перамога.

***

25.10.2015. Я па скверы праз туман прайшоў, як вожык.

***

25.10.2015. Па скверы прайшла старая. Прыгожая, як восеньская лістота ў яе пад нагамі.

***

25.10.2015. На павуцінцы бярозавы лісток гайдаецца, як маятнік восеньскага гадзінніка.

***

26.10.2015. Побач прайшла дзяўчына на высокіх абцасах. Гледзячы ўслед прыгажуні, узгадаліся 80-я гады, калі і ў мужчынскім абутку былі абцасы немалыя. Праўда, не па пятнаццаць сантыметраў, але па сантыметраў пяць дакладна былі. Вось з такімі абцасамі я прыехаў у вёску. На іх хадзіць па горадзе было добра, а ў вёсцы па каўдобінах не вельмі зручна. І вось летам у вёсцы ў майго мадняцкага бацінка адарваўся абцас. Паказаў бацьку са спадзяваннем, што той адрамантуе мой абутак. Бацька паглядзеў, павярцеў бацінак і сказаў: «Дрэнь нейкая, а не бацінак! Можаш выкінуць!» Словам, бацька адмовіўся мне дапамагчы. І я пачаў сам думаць, як і што тут можна зрабіць. Хутка прыдумаў. Узяў шыферны цвік і прыбіў абцас. Вечарам паехаў у Мінск. На абцасе, прыбітым шыферным цвіком, я хадзіў яшчэ некалькі дзён, бо не адразу змог купіць новы абутак.

***

28.10.2015. Поўня — срэбная манета, кінутая Богам пад ногі вандроўніка.

***

28.10.2015. Ніхто з аўтараў не прыходзіў. Толькі ліст бярозавы праляцеў за акном, як пачатак верша.

***

29.10.2015. Прыходзіў гісторык, геральдык Анатоль Цітоў. Пытаўся, ці можна выдаць томік прозы Мар’яна Віжа (23.02.1949—1.04.1999), складзены з твораў, якія пры жыцці пісьменніка не выходзілі асобнай кніжкай. Праўда, спадар Анатоль рукапіс не прынёс. З Мар’янам я быў добра знаёмы. Ён, калі я ў пачатку 90-х працаваў у газеце «Наша слова», спецыяльна завітаў у рэдакцыю і запрасіў мяне выступіць перад ягонымі студэнтамі. Тады ён, калі не памыляюся, выкладаў у медінстытуце. Пасля той вечарыны мы часта сустракаліся ў рэдакцыі. Неяк «Наша слова» абвясціла конкурс на стварэнне Гімна Рэспублікі Беларусь. Нашаму рэдактару Эрнэсту Ялугіну вельмі хацелася, каб новы гімн Беларусі быў упершыню надрукаваны ў газеце ТБМ. Шмат хто ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Мар’ян Віж напісаў словы на «Паланэз Агінскага». Някепскі быў тэкст. Дзе ён цяпер? Не ведаю. Потым Мар’яна мы ўзялі на працу ў «Наша слова». Праз яго я пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам, Георгіем Штыхавым, Генадзем Кісялёвым, Язэпам Юхо. Памятаецца, як мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач» і Мар’ян спецы­яльна прыйшоў да нас. Ён прыязджаў да маці, якая працавала каля Ракава ў адным з піянерскіх лагераў. Прабыў з намі паўдня. Потым у Мінску нечакана, бо без папярэджання, заглянуў да нас у госці і падарыў нам гаршчок, які ён у свой час знайшоў на раскопках у Мінску. Сказаў, што гэтаму гаршку больш як тысяча гадоў. У нашым «Альбоме сустрэч» Мар’ян пакінуў запіс: «Аднойчы ў свеце наведаў хату, дзе жывуць адразу два Паэты. Дзіўна, што ў іх тут усё ладзіцца. З найлепшымі пажаданнямі. Мар’ян Віж. 14.08.92».