Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 12

Віктар Шніп

***

7.10.2015. З Людмілай вечарам былі ў Баранавічах. Удзельнічалі ў працы курсаў «Мова нанова», якімі апякуюцца Юля Траццяк і Алесь Гізун.

Ехалі на цягніку «Мінск—Гродна». У плацкарце было поўна людзей. Большасць сядзела, уткнуўшыся вачыма ў камп’ютары і смартфоны. Не вагон, а камп’ютарны клуб на рэйках.

У цягніку даўно не ездзіў, нібыта не ўцякаў ад сябе самотнага.

Станцыя «Асіна». Лес. На ўзлессі ляжаць бярозавыя паленні.

Праехалі Стоўбцы. На прыпынку на лаўцы ў чорным капелюшы і скураным плашчы сядзеў пажылы мужчына, падобны на Якуба Коласа. Чытаў «Нашу Ніву».

Каля чыгункі выкарчаваныя вялізарныя пні, як тутэйшыя мёртвыя васьміногі.

Узгадаўся Мікола Купрэеў, які любіў ездзіць на цягніках. Разумею ягоную любоў. Едзеш, глядзіш праз акно на наваколле і адчуваеш сябе вольным ад тлуму жыццёвага. Цягнік імчыць. Нас ніхто не дагоніць!

Выпіў дзве шклянкі вагоннай гарбаты. У думках памаладзеў на гадоў трыццаць. Узгадаў даўнія паездкі ў Маскву на вучобу ў Літінстытут. Тады я начамі ніколі не спаў. Мэнчыўся ўсю дарогу без занятку. Цяпер бы сядзеў у інтэрнэце.

У пустых шклянках танцуюць лыжачкі. Ім таксама добра.

На палях ужо зжата кукуруза. Кукурузныя пянькі стаяць, як патухлыя свечкі.

У Баранавічах на вакзале нас сустрэла Юля Траццяк. У «PEOPLE BAR» дабіраліся пешшу. Паглядзелі на горад. Месцамі прыгожа, а месцамі сумнавата. Назвы вуліц савецкія і людзей на гэтых вуліцах хапае савецкіх.

На курсы сабралася больш як дваццаць чалавек. У асноўным — дзяўчаты і жанчыны. Мы з Людмілай разам з усімі ўдзельнічалі ў навучанні. Алесь і Юля хораша выкладаюць. Сяму-таму і мы падвучыліся.

Пасля гадзіны заняткаў нам з Людмілай далі слова. Мы расказалі пра сябе, пачыталі вершы, адказалі на пытанні, падпісалі кнігі. У 21.41 выехалі з Баранавіч. Едучы дадому, гаварылі пра шчырых, светлых, таленавітых навучэнцаў баранавіцкіх курсаў «Мова нанова». Дарожны час за размовай праляцеў хутка. Гарбата ў цягніку «Брэст—Масква» была нягоршай, чым у «Мінск—Гродна», але ў плацкарце было цяплей, чым у купэ.

***

8.10.2015. Сёння ў 14.20 мне быў першы тэлефонны званок з віншаваннем. Потым яшчэ некалькі. Мяне віншавалі з Нобелеўскай прэміяй, якую атрымала Святлана Алексіевіч. Віншавалі так, нібыта я стаў лаўрэатам. Было два званкі, у якіх пачуў: «Гэта не маё свята! Вот каб Быкаву далі! А так...»

***

9.10.2015. Жоўтая кляновая лістота, як восеньскія дранікі.

***

9.10.2015. Тое, што мастацкі твор чытаецца на адным дыханні — не галоўны доказ таго, што твор геніяльны. На адным дыханні чытаецца і тэлефонны даведнік.

***

9.10.2015. З Людмілай быў у прасторы Галерэі TUT.BY, дзе адбылася прэзентацыя кнігі вершаў і перакладаў Георгія Барташа «Ботиночки».

Людзей сабралася шмат. Амаль усе заяўленыя выступоўцы прыйшлі. Не было выдаўца Зміцера Вішнёва. Казалі, што ён недзе ў замежжы.

Побач са сцэнай быў столік, на якім прыгожыліся чаравікі Барташа. Чорныя. Адзін стаяў, а другі ляжаў.