Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 9

Іван Навуменка

—  Вы і не браліся за рашэнне, Мацюшэнка,— сказаў настаўнік Пеку.— У вас жа толькі ўмова ў сшытку... Улічваючы вашы мінулыя заслугі, дрэннай адзнакі я вам не стаўлю, але заўвагу запішу. Дайце дзённік...

Пека ў той дзень са мною не размаўляў. А вечарам здарылася нешта незвычайнае, нешта такое, што назаўсёды прымірыла мяне з маім сябрам і прымусіла глядзець на яго зусім новымі вачамі. Вечарам Пека не выйшаў у нашу палавіну хаты, каб рыхтаваць са мной урокі. Па суботах ён часта не паказваўся са свайго пакоя, і я таксама не сеў рашаць задачы, спадзеючыся заўтра памірыцца з Пекам і засесці за арыфметыку разам з ім. Я сядзеў на прыпечку і чытаў кнігу, як раптам з Пекавай палавіны хаты данеслася нейкае раўнамернае цёпканне. Здавалася, што нехта выбіваў пыл з заляжалага старога паліто. Такія гукі даносіліся з пакоя нашых кватарантаў не ўпер-шыню, і я заўсёды дзівіўся, чаму Рашэль выбівае адзенне ў хаце, а не на двары.

У гэты час мяне тузануў за нагу мой самы малодшы брат Кузя. Акрамя яго і мяне, у хаце болей нікога не было. Маці даіла карову, бацька быў на рабоце,  а двое братоў коўзаліся недзе на рачулцы.

— Пеку б'юць, а ён не плача,— сур'ёзна сказаў Кузя і, пакінуўшы мяне, прыпаў вокам да шчыліны ў дзвярах Пекавага пакоя.

Гэтыя словы працялі мяне, нібы электрычны ток. Страшная здагадка скаланула ўсю маю істоту, і я выскачыў на двор. Зазірнуўшы ў акно, я ўбачыў распластанага ніц на канапе Пеку і Сямёна Барысавіча, які ўзмахваў над ім складзеным у дзве столкі гумавым шлангам. Доўгая Рашэль, адклаўшы ўбок кнігу, спакойна наглядала за гэтай экзекуцыяй...

У той вечар я доўга не прыходзіў дадому. Я вінаваціў сябе ў сотнях самых цяжкіх грахоў перад Пекам. Мне цяпер было ясна, як пакутуе мой сябар, жывучы ў сваёй доўгай сястры. Яго, выходзіць, білі ўсе тыя суботы, калі ён па незразумелай прычыне не выходзіў на нашу палавіну хаты.

Я даў самому сабе слова, што не буду злаваць на Пеку з-за Ліны і нікому не раскажу пра гумавы шланг. Я толькі не ведаў, як буду глядзець у вочы свайму сябру. Пека ж сам не хоча, каб хто-небудзь дазнаўся, што яго б'юць, бо ён ніколі не закрычаў пад гэтым гумавым шлангам. Доўгую Рашэль і тоўстага Сямёна Барысавіча з гэтага часу я проста зненавідзеў.

Дома ўжо ўсе ведалі, што Сямён Барысавіч караў Пеку. Відаць, аб гэтым паспяшыў раззваніць Кузя. Мае браты, Васіль і Піліп, сядзелі на печы маўклівыя і насупленыя і не грызліся, як звычайна, адзін з адным. Толькі Кузя ў сваіх паласатых штанах, якія яму нядаўна перашылі з навалачкі, даволі бадзёра вытанцоўваў па хаце. Хлопец пакуль што карыстаўся ўсімі перавагамі свайго пяцігадовага ўзросту і таму ніколі не губляў добрага настрою. Яго яшчэ ніхто не крануў нават пальцам, яму не трэба было рашаць арыфметыку і дапамагаць маці, і жыццё ўяўлялася хлопцу адной суцэльнай гульнёй. Кузя лез за стол разоў дзесяць у дзень: ён снедаў, абедаў і вячэраў па чарзе з кожным, хто прыходзіў у хату. Кузя і цяпер, мабыць, чакаў мяне, каб павячэраць у трэці раз.

—  Пека не плакаў, калі яго білі,— яшчэ раз паведаміў мне Кузя.— Ён тоўсты, і яму зусім не баліць...