Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 7

Іван Навуменка

Рыгор Канстанцінавіч не называў нас на «вы». Але размаўляў ён з намі, як з дарослымі.

У нашым пятым класе вучылася смяшлівая і вясёлая дзяўчынка Ліна. Вучылася яна няроўна. Здаралася, што ў адзін і той жа дзень у яе дзённік трапляла і выдатная і дрэнная адзнака. Усё залежала ад Лінінага настрою. Іншы раз, нават добра ведаючы ўрок, яна не ішла адказваць і потым з выглядам пакутніцы не ўставала з-за парты нават на перапынках.

Але ў першым паўгоддзі мы прывыклі бачыць Ліну нейкай вогненна-вясёлай. Яна насілася па класе, як апантаная. Ганялася за хлопцамі, гуляла з імі ў «цот і лішку», стукалку і нават, ператварыўшы пры дапамозе шпілек сваю спаднічку ў нешта накшталт штаноў, вярцелася на турніку. Ліна ведала амаль усе хлапечыя тайны, сябравала пераважна з хлопцамі і пра свой жаночы род гаварыла надзвычай зняважліва.

Пасля ўрокаў я і Пека часцей за ўсё ішлі разам з Лінай, бо нам было па дарозе. Дзяўчынка жыла ў гасцініцы, дзе яе бацька працаваў загадчыкам. Дарогай Ліна балбатала без упынку. Яна прыехала ў наша мястэчка аж з Каўказа і вельмі ахвотна расказвала пра смелых і адважных чачэнцаў, пра тое, як яны крадуць сабе ў жонкі дзяўчат і як танцуюць з кінжаламі ў зубах. За гэтыя расказы дзяўчынцы нават далі ў класе мянушку — «чачэнка».

На нашым школьным двары Ліна сама аднойчы танцавала каўказскі танец, трымаючы ў зубах звычайны сталовы нож, бо кінжала ў школе не знайшлося.

Ад нас з Пекам у дзяўчынкі не было ніякіх сакрэтаў. Яна скардзілася, што страшэнна не любіць арыфметыкі і пасля кожнай развязанай задачы ў яе баліць галава. Мы з Пекам шкадавалі дзяўчыну і навыперадкі давалі ёй спісваць нашы рашэнні. Я хутка заўважыў, што Ліна ахвотней бярэ Пекавы сшыткі. А Пека, нягледзячы на тое, што арыфметыку мы заўсёды рыхтавалі разам, трымаў сябе так, нібы толькі ў яго аднаго задачы выйшлі па адказу. Гэта мяне крыўдзіла, і бывалі хвіліны, калі Пека здаваўся мне проста ненавісным.

Хутка я пераканаўся, што Ліна наогул хіліцца да Пекі. Па дарозе яна размаўляла часцей за ўсё з ім, звонка смяялася пасля кожнага яго жарту, а я быў, як у той гульні,— «трэцім лішнім». Ліне, відаць, падабалася, што Пека гучней, чым другія, крычаў на перапынках, бегаў па партах, дужаўся з кожным, каго ні стрэне. У маёй натуры ніякай няўрымслівасці не было, і таму Ліна проста не выдзяляла мяне сярод іншых хлопцаў.

3 Пекам у мяне адносіны псаваліся. Я ведаў, як ён баіцца сваёй Рашэлі, як ходзіць перад ёй на задніх лапках, і таму зусім не лічыў яго смелым. «Варона,— помсліва думаў я пра Ліну.— Што яна такога знайшла ў гэтым канапатым Пеку?»

Аднойчы, калі канчалася ужо другая чвэрць, я падклаў і Пеку і Ліне добрую свінню. Тры разы ў тыдзень Рашэль пускала свайго брата пакатацца на каньках. Пускала яна яго ўсяго на адну гадзіну, і таму я не любіў выбірацца на лёд разам з Пекам. Увойдзеш у самы смак, ляціш на дзеравяшках па звонкім ільдзе, забываючы аб усім на свеце, а Пека раптам заве дамоў. Яго гадзіна кончылася...

На гэты ж раз я пакінуў лёд раней за Пеку. У той вечар на нашу замёрзлую рачулку прыйшла Ліна. Можа яны згаварыліся з Пекам, можа дзяўчынка дазналася сама, якой цудоўнай бывае рачулка зімовым вечарам, калі над зямлёй вісіць сіняе сутонне, а лёд звініць і патрэсквае, але яна прыйшла.