Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 20

Іван Навуменка

Дзяжурныя, якія бегалі ў настаўніцкую за крэйдай, геаграфічнымі картамі і глобусам, расказвалі, што на сцяне вісіць загад, у якім Агрыпіне Іванаўне за непедагагічныя паводзіны аб'яўлена суровая вымова з апошнім папярэджаннем. Я ў настаўніцкую не хадзіў з-за прынцыпу.

Пека разам са мной трымаў экзамены за пяты клас. Я атрымаў пахвальную грамату, а Пека не. Яму вывелі тры гадавых «чацвёркі». Я быў рады, што Агрыпіна Іванаўна пад маёй граматай не распісвалася.

У тое ж лета нашы кватаранты выбраліся з мястэчка. Але ў гэтым мы з Пекам былі зусім не вінаваты. Сямён Барысавіч, прыехаўшы адзін раз дамоў у сярэ-дзіне тыдня, застаў у сваёй кватэры фізкультурніка Міланція Казельчыка. Гэта не спадабалася тоўстаму нарыхтоўшчыку, ён некалькі дзён хадзіў злосны і, нарэшце, заявіў, што яго пераводзяць у другі раён.

Доўгую Рашэль я пашкадаваў адзін толькі раз. Перад самым выездам яна, выціраючы слёзы, скардзілася маёй маці:

— Не думайце, што я такая ўжо шчаслівая. Не было каму біць маладую. Пагналася за дастаткам... і таму пайшла замуж за гэтага чурбака.

Я шчыра спачуваў у тую хвіліну Рашэлі. Але добрае пачуццё да нашай кватаранткі, якое мільгнула толькі на хвіліну, хутка забылася.

3 Пекам мы перапісваліся пасля гэтага два гады. Закончыўшы сямігодку, ён паступіў у рамесніцкае вучылішча.