Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 10

Іван Навуменка

Васіль і Піліп пасля гэтых слоў пашыліся яшчэ глыбей у змрок. Яны не падзялілі Кузевага аптымізму. Кожны з іх меў за сабой сякія-такія грашкі, і таму на печы ў гэты вечар панавала трывожная сваёй затоенасцю атмасфера.

—  Бач, прыціхлі,— заўважыў бацька.— Вас бы вось так прычашчаць папліскай перад нядзеляй, мо' перасталі б тады гыркацца...

Назаўтра мы з Пекам памірыліся. Ён ні словам, не рухам не паказаў, што яго ўчора білі. Я таксама зрабіў выгляд, што нічога не ведаю. Усё было б добра, каб не Кузя, які ўсунуў свой замурзаны нос у гэтую справу.

—  Табе з, праўда, уцора не балела, як дзядзя біў? — спытаў Кузя ў Пекі.— Па цым цябе ён біў?

Я ўпершыню даў Кузю шлепака, і ён зарумзаў. Пека выскачыў з хаты. На яго вачах былі слёзы...

Не, я не зайздросціў Пеку. Ён падабаўся Ліне, лепш за мяне апранаўся, смачней еў, у яго былі бліскучыя снягурачкі, але я яму ні кропелькі не зайздросціў...

Пека паводзіў сябе ў школе ўсё горш і горш. Ён стаў нейкі нервовы, ва ўсякім самым бяскрыўдным слове бачыў насмешку над сабой і нікому не даваў спуску. Іншы раз на сябра нападала празмерная ўзбуджанасць, і ён тады насіўся па класе, як віхор, смяяўся, вырабляў розныя мартаплясы. Але жартаваў Пека жорстка. Ён кідаў дзяўчатам у чарніліцы павукоў, складаў пра хлопцаў крыўдныя вершыкі, вывіжоўваў чужыя сакрэты, расказваючы іх потым усім. Вучыўся ён па-ранейшаму добра, і таму настаўнікі, нават клас-ны кіраўнік Рыгор Канстанцінавіч, яму многае даравалі. Па дысцыпліне ў другой чвэрці выдатнай адзнакі Пеку ўсё ж не паставілі.

—  Мы перахвалілі цябе, Мацюшэнка,— сказаў Рыгор Канстанцінавіч на класным сходзе.— Гэта ж сорам: ты адзін з усяго класа пішаш на «выдатна» дыктоўкі і так дрэнна сябе трымаеш. Прыйдзецца пагаварыць з тваімі бацькамі...

Пека сядзеў, апусціўшы галаву. Мне было шкада сябра, але я не мог яму нічым дапамагчы. Я нікому не расказаў, што Пеку дома б'юць, і ён плаціў мне за гэта ўдзячнасцю. Мяне ён ніколі не закранаў ні сваім колкім жартам, ні насмешкай.

У наступную суботу Сямён Барысавіч зноў частаваў Пеку гумавым шлангам. Цяпер, мабыць, за тое, што ён не прынёс у дзённіку выдатнай адзнакі па дысцыпліне...

—  Ты не расказвай нікому,— ужо не тоячыся, па-прасіў мяне Пека.— Я да лета пацярплю, а потым паеду куды-небудзь...

—  Куды  ты  паедзеш? — спалохана  перапытаў  я.

—  А што? Мне будзе ўжо чатырнаццаць гадоў. Паступлю куды-небудзь на завод. Ты толькі маўчы...

IV

У трэцяй чвэрці нічога не змянілася. Пека на перапынках падымаў уверх нагамі ўвесь клас. Кожны дзень ён выдумляў што-небудзь новае. Выклікалі ў школу доўгую Рашэль, з ёю гаварыў сам Рыгор Канстанцінавіч, запісвалі Пеку ў дзённік заўвагі па дысцыпліне, але ён не зважаў ні на што. Ён стаў такі калючы і едкі, што, здавалася, помсціў усяму свету.

3 Лінай у Пекі адносіны сапсаваліся таксама. Дзяўчынка ў другой палове года неяк нечакана перамянілася. Раней яна была першай у класе весялухай, а наконт розных выдумак магла б паспрачацца з самім Пекам. Цяпер яна ўжо рэдка лётала па класе і рагатала. Ліна стала нейкай задуменнай і сумнай. Яна ўсе перапынкі прастойвала ля акна, углядаючыся ў  прастор,  які  адкрываўся  воку  з  вышыні другога паверха. Я стаў заўважаць, што Ліна пазбягала Пека-вай кампаніі.