Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 8

Іван Навуменка

Ліна ўмела катацца на каньках, гэта я ўбачыў адразу. Пека імчаў першым, за ім Ліна, а трэцім я. Мне здалося, што Пека з Лінай хочуць наўмысна адарвацца ад мяне, каб застацца адным, і я звярнуў убок, каб ім не перашкаджаць. Мне ад гэтага стала неяк горка і крыўдна, і, зняўшы свае дзеравяшкі, я ціха паклыпаў дадому.

Дома я сеў за арыфметыку. Нам далі рашыць два вельмі цяжкія прыклады на дзяленне дробаў. Гэтыя дробы былі нейкія чатырохпавярховыя, і прайшла цэлая гадзіна, пакуль я рашыў першы прыклад. Пекі ўсё не было. Я ўяўляў, як, пабраўшыся за рукі, Пека з Лінай носяцца па льду, і мяне ўсё болей апаноўвала злосць. «Ён хоча, каб я рашыў і яго прыклад,— з нянавісцю думаў я пра Пеку.— Я рашу, але заўтра паглядзім...» Два разы выходзіла са свайго пакоя доўгая Рашэль і пыталася, дзе Пека. Я адказваў, што не ведаю.

Пека прыйшоў можа гадзіны праз тры. Ён быў расчырванелы і ўзбуджаны. «Рашыў задачы?» — спытаў ён у мяне шэптам. Я кіўнуў галавой. «Заўтра пойдзем у школу раней, я ў цябе перапішу...» Выскачыла Рашэль і накінулася на Пеку. Ён спачатку нешта даводзіў ёй пра рэпетыцыю харавога гуртка, але яна не слухала. Яна лямантавала, як шалёная, а Пека стаяў насуплены і няшчасны. Мне ў гэтую хвіліну нават стала крыху шкада сябра, і я ўжо зусім на яго не злаваўся.

Але назаўтра прага помсты авалодала ўсёй маёй істотай. Калі па дарозе ў школу мы праходзілі паўз гасцініцу, з яе двара выскачыла Ліна. Яна, мабыць, спецыяльна падпільноўвала Пеку. Са мной Ліна нават не павіталася. Яна гаварыла толькі з Пекам, успамінала рачулку, пытаючыся, калі ён пойдзе зноў катацца на каньках. Я ішоў ззаду і поўніўся злосцю.

—  Ты рашыў прыклады? — перад самай школай пацікавілася Ліна.

—  Рашыў,— абыякавым голасам адказаў мой сябар.

—  Дасі мне перапісаць?

—  Дам...

У мяне закіпела ў грудзях. Я ледзь не закрычаў ад абурэння на гэтых дваіх, якія без ніякага сумлення не хацелі заўважаць ні мяне, ні нават маёй працы. Але я ўсё ж стрымаўся. Я толькі адстаў крокаў на дваццаць ад Пекі з Лінай.

—  Ты хутка? — на самым ганку паклікаў мяне Пека.

—  Хутка...

Але ў клас я не пайшоў. Як толькі Пека з Лінай схаваліся ў калідоры, я сігануў за вугал школы. Я стаіўся ў штабялях дроў і з нейкім радасна-помслі-вым пачуццём маляваў сабе карціну, якімі вачамі глядзіць цяпер Ліна на свайго смелага і разумнага Пеку, у якога не зроблены ніводзін прыклад. Я нават замёрз, седзячы на дровах, але ў клас пайшоў толькі пасля таго, як празвінеў званок.

Арыфметыка была на першым уроку. Пека, вядома, засыпаўся. Настаўнік, ведаючы, што прыклады цяжкія, пасля дзвюх дзяўчынак, якія сказалі, што сшыткі з рашэннем забыліся дома, выклікаў Пеку. Пека пачырванеў, як бурак.

—  I я забыўся сшытак дома,— нарэшце прамовіў ён.

Пека схлусіў няўдала. Яго сшытак ляжаў на парце, і настаўнік, каб пераканацца, што Пека хлусіць, спецыяльна ўзяў гэты сшытак і пагартаў.