Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 11

Іван Навуменка

Я ведаў, што Ліна на два гады старэйшая за мяне і Пеку. Яна, каб не бацькавы пераезды з месца на месца, вучылася б ужо ў сёмым класе. Але чаму Ліна перастала сябраваць з Пекам, я не ведаў. Яна ж і раней была старэйшая за Пеку, але гэта ёй не шкодзіла ім захапляцца. Я ў душы трохі радаваўся, што Ліна не звяртае цяпер ніякай увагі на Пеку. Але гэтую радасць я хаваў за знешняй абыякавасцю да дзяўчынкі.

Аднойчы пасля заняткаў у нашай школе адбыўся цікавы выпадак. Сабакі прыгналі на школьны двор тхара. Яны так на яго насядалі, што звярок сам узбег на каменны ганак і кінуўся ў калідор. Ужо ў калідоры пагналіся за тхаром мы і насіліся за ім да таго часу, пакуль ён не ўскочыў у грубку, дзверцы якой былі адчынены. Звярок быў цяпер у пастцы, мы яго хацелі ўзяць жывым. Адтуль ён пазіраў на нас злымі зялёнымі вачыма і шыпеў, нібы кот. Калі мы пачалі пароць у грубку палкамі, тхор палез у комін. Ён не хацеў здавацца.

—  Мы яго зараз падсмалім,— спакойна сказаў Пека, дастаючы з партфеля два спісаныя сшыткі.— Давайце, у каго ёсць непатрэбная папера. Выскачыць з грубкі як міленькі...

Ад гэтых слоў я страшэнна раззлаваўся і ўпершыню схапіў сябра загрудкі. На мяне напала нейкая шалёная злосць, і ў першае імгненне я не мог нават вымавіць слова.

—  Ты ж ведаеш, што тхор жывы і яму будзе балець,— крычаў я ў канапаты Пекаў твар, які быў для мяне цяпер проста ненавісны.— Табе ж баліць, калі цябе б'юць...

Пека адразу звяў. 3 нейкім сполахам на твары ён вырваўся ад мяне і, апусціўшы галаву, моўчкі пайшоў да выхаду. Хлопцы здзіўлена паглядзелі яму ўслед. Ахвота лавіць тхара прапала, і ўсе адышліся ад грубкі.

Пасля гэтага выпадку я доўга не мог сабрацца з думкамі. Каяцца перад Пекам мне не хацелася, і разам з тым у вачах стаяла паніклая постаць сябра і яго спалоханы твар. «Чаму ён такі жорсткі? — пакутліва думаў я.— Яго ж крыўдзяць болей,  чым усіх. Дык навошта ж на другіх замахвацца? Ён жа ведае, што другім баліць таксама...»

Адказу на гэтае пытанне, якое даўно набалела ў душы, я не знаходзіў. Мне было ўжо трынаццаць гадоў, я прачытаў сто ці болей кніг, ведаў усе рэкі, горы і буйныя гарады на карце зямнога шара і не мог сам сабе адказаць на гэтае простае пытанне.

Мае разважанні парушыла Ліна. Яна дагнала мяне на вуліцы і пайшла поруч. Ліна таксама была нечым усхваляваная.

—  Тхор уцёк,— паведаміла яна і без ніякай сувязі са сказаным дадала: — Не люблю задавак і хуліганаў...

Гэтыя словы паласнулі мяне, нібы нажом. Затаіўшы дыханне, чакаў я, што скажа Ліна далей. Яна не ўмела хаваць сваіх думак, аб гэтым я ўжо ведаў даўно.

—  Гэты твой Пека проста брыдкі,— сказала Лі-на.— Ён з усіх насміхаецца і хоча паказаць, што самы разумны. А ты добры...

Болей Ліна не сказала нічога. Яна пайшла ў сваю гасцініцу, паскардзіўшыся, што зусім не бралася за паўтарэнне арыфметыкі. Але і таго, што дзяўчынка сказала, было дастаткова, каб перавярнуць усю маю душу. Мне было прыемна, цёпла, радасна ад гэтых слоў, якія датычылі толькі мяне. Я прыскорыў крок, каб мяне не дагналі аднакласнікі...