Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 17

Іван Навуменка

Назаўтра першым быў урок літаратурнага чытання. Агрыпіна Іванаўна сыпанула класу цэлую прыгаршчу сваіх пытанняў, потым загадала скласці падрабязны план нейкага ўрыўка. Каб ухіліцца ад гэтага сумнага занятку, я ціхенька выцягнуў свой верш і, паклаўшы яго між старонак падручніка, стаў перачытваць. Я, мабыць, вельмі моцна захапіўся, бо зусім не чуў, як да мяне сярод насцярожанай цішыні класа падышла Агрыпіна Іванаўна.

—  Дык вось які вы план складаеце,— сказала яна і ўзяла з маіх рук падручнік.

Я знямеў. Кроў прыліла да майго твару, у вушах нешта стукала, а рукі і ногі проста здранцвелі. Настаўніца між тым адышлася ад стала і прабегла вачамі мой твор. На яе вуснах зайграла нейкая брыдкая ўсмешка. Доўгая Агрыпіна Іванаўна, здаецца, збіралася прачытаць верш усяму класу. Але здранцвенне прайшло, і ўся мая істота напоўнілася нейкай дзікаю злосцю.

—  Аддайце кнігу! — устаўшы з месца, патрабаваў я.

У маім голасе, відаць, гучала пагроза, бо настаўніца схамянулася і, як мне здалося, нават неяк спалохана зірнула на мяне.

—  Вазьміце,— прамовіла яна нарэшце.— Вашы паводзіны абмяркуем на класным сходзе. Сорамна займацца на ўроку такімі справамі.

Агрыпіна Іванаўна не адважылася прачытаць мой верш, але я не сумняваўся, што яна раззвоніць аб усім у настаўніцкай. Белы свет для мяне пацямнеў. Я проста не ведаў, як з гэтага часу буду глядзець у вочы настаўнікам, як мне жыць далей. Я б, здаецца, даў адсячы сабе руку ці нагу, каб толькі як-небудзь патушыць гэта.

Некалькі дзён я проста не знаходзіў сабе месца. Мне здавалася, што ўсе настаўнікі глядзяць на мяне з захаванай насмешкай, кожную хвіліну я чакаў, што хто-небудзь з іх пачне гаворку пра мой верш. Мне было так балюча і сорамна, што не хацелася нават жыць. Нарадзілася жаданне заснуць на які год  ці  два і   прачнуцца,   калі   ўсе   забудуц'ь   гэтую   гісторыю...

Мяне не пакідала роспач. Дома я крычаў на сваіх меншых братоў, агрызаўся на просьбы маці, шалеў ад кожнага самага бяскрыўднага слова, сказанага мне. Пека, наадварот, быў ціхі і пахмуры, як ніколі. Ён хадзіў, апусціўшы галаву, і думаў нейкую сваю цяжкую думу. Але мне ў гэтыя дні было не да Пекі, я жыў сваім горам.

I вось аднойчы здарылася нечаканае. Я прыйшоў вечарам у хату і злосна шпурнуў кніжкі ў кут. Маці паставіла мне есці. Апетыту ў мяне не было ніякага, і, боўтнуўшы лыжкай раз ці два, я моўчкі адставіў яду ўбок. Заняты сваімі думкамі, я зусім не заўважыў, што ў хаце стаіць мёртвая, насцярожаная цішыня. Не распранаючыся, я прылёг на канапу. У гэтую хвіліну з ложка падняўся бацька. Спакойна зняўшы з цвіка папругу, ён падышоў да канапы і стаў мяне бязлітасна хвастаць.

—  Не падымай вэрхалу,— прыгаворваў ён,— не надувай губ, еш, калі табе паставілі...

На печы зарумзалі мае браты Васіль, Піліп і самы малодшы Кузя. Я маўчаў, сцяўшы зубы. Нарэшце ганебная экзекуцыя кончылася. Я ўстаў і пайшоў да дзвярэй.

—  Гэта табе за мінулы тыдзень,— сказаў мне бацька ўслед.— Заробіш яшчэ — атрымаеш у наступную суботу. Пеку адвучылі, адвучу і я цябе. Бач, ходзіць, падтуліўшы хвост...