Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 16

Іван Навуменка

«Бусел» зрабіўся частым госцем у нашым доме. Іншы раз з пакоя Агрыпіны Іванаўны даносіліся трэньканне гітары і суладныя спевы. Два ці тры разы наша кватарантка ў час прыходу «Бусла» пасылала Пеку па гарэлку. Мне было непрыемна, што Міланці Казельчык ходзіць да нас. Але я пра гэта стараўся не думаць. Я думаў пра Ліну. Мы па-ранейшаму ніколі не хадзілі разам са школы і не размаўлялі адзін на адзін. Так мне было лепш. Аднойчы дзяўчынка захварэла і некалькі дзён не прыходзіла на заняткі. Мне ўсе тыя дні было страшэнна сумна.

Вясной усё ж стала весялей. У светлыя зорныя вечары наша вуліца аж звінела ад смеху. Мы радаваліся цеплыні, надыходзячаму лету, цікавым прыгодам, якія чакалі нас наперадзе. Пра Агрыпіну Іванаўну ў такія вясёлыя гадзіны я зусім забываў. Яе для мяне не існавала. 3 Пекам было другое. Ён і ў часы самай хмельнай весялосці раптам мяняўся, рабіўся змрочны і зацяты.

Ліна на нашай вуліцы ніколі не паяўлялася. Гэта было лепш. Пры Ліне, мабыць, я не адважыўся б вярзці, што ўзбрыдзе на язык, дурэць і адчуваць сябе такім вольным казаком. Мяне палохала нават думка, што дзяўчынка можа падумаць пра мяне нядобра...

Праходзячы аднойчы паўз гасцініцу, я ўбачыў у акне Лінінай кватэры святло. Акно захінала фіранка, і разгледзець з вуліцы, што робіцца ў кватэры, было нельга. Але ў гэты момант мне так моцна захацелася паглядзець на Ліну, што пераадолець спакусы я не змог. Азірнуўшыся, ці не крочыць хто-небудзь за мной услед, я пераскочыў нізенькі парканчык, які аддзяляў гасцініцу ад вуліцы, і, стаўшы на дыбачкі, прыліп да акна. Я ўбачыў Ліну, яна стаяла ў сіняй просценькай сукенцы ля стала і нешта прасавала. Хваля яшчэ нязнанай мне раней пяшчоты заліла ўсю маю істоту, і я адскочыў ад акна.

У той вечар мне было і сумна і радасна адначасова. У душы жыло адчуванне, што я развітваюся з нечым прызвычаеным, спакойным і ўступаю ў паласу жыцця, якая невядома што абяцае. I яшчэ я ўпершыню пашкадаваў у той вечар, што мне ўсяго толькі трынаццаць гадоў...

Прыйшоўшы дадому і дачакаўшыся, калі Пека пойдзе спаць, я напісаў верш. Ён прысвячаўся Ліне. Верш гэты выліўся з маёй душы неяк сам сабой, без ніякіх асаблівых намаганняў:

Прыляцела ты з Каўказа,

Нібы горная арліца,

I ўсе хлопцы з нашага класа

Табой не могуць надзівіцца.

Ты часта сумная бываеш,

Але не трэба сумаваць,

Хмары вецер паразганяе,

I сонца вечна будзе ззяць...

Мне хацелася зарыфмаваць слова «Ліна», якое звінела так прыемна і мілагучна. Да гэтага слова было столькі багатых рыфмаў — дзяўчына, маліна, хвіліна, каліна. Але напісаць на паперы імя дзяўчыны я не адважыўся. Я зверху напісаў толькі адну літару «Л».

Я, вядома, не збіраўся аддаваць або нават паказваць гэты верш Ліне. Мне было проста радасна ад думкі, што я магу патаемна ад усіх размаўляць з дзяўчынай.