Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 19

Іван Навуменка

Ён пайшоў, а я яшчэ доўга думаў, лежачы на вышках, на леташнім сене. Два разы, асцярожна адчыняючы дзверы, заходзіла маці і клікала мяне снедаць. Нарэшце прыйшоў бацька.

—  Не злуйся,— сказаў ён мне нейкім ломкім, незнаёмым голасам.— Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Бацька ж табе не вораг. Мяне, брат, не так лазой частавалі, і то я свайму бацьку толькі дзякую за гэта.

Я ўжо не злаваўся. Маё гора было маленькім, дробязным у параўнанні з горам, якое выпала на долю Пекі. Яго ж ніколі не перапрошвалі ні доўгая Рашэль, ні тоўсты Сямён Барысавіч, хоць крыўдзілі яны майго сябра амаль штодня. Колькі павінна было накапіцца ў Пекавай душы такой крыўды, каб хлопец адважыўся бегчы ў белы свет!..

3 гэтымі невясёлымі думкамі я прыйшоў у школу. Я адчуваў, што нешта трэба рабіць, але яшчэ добра не ведаў, што. Пека быў ужо ў класе. Ён прадаваў свае кнігі. Цікавых кніг у Пекі было болей, чым у мяне, і раней ён іх вельмі шанаваў. Цяпер жа прадаваў проста за бясцэнак. I яшчэ я ўбачыў на правай руцэ ў сябра компас. Гэты компас каштаваў у нашай кніжнай лаўцы чатыры рублі і восемдзесят капеек.

Непрыкметна для Пекі я выйшаў з класа. Цяпер я ўжо ведаў, што рабіць. У настаўніцкую да дырэктара мне ісці не хацелася. Там была Рашэль, і яна магла перашкодзіць справе. Я накіраваўся ў райана, дзе працаваў загадчыкам наш былы настаўнік Рыгор Канстанцінавіч. Я наважыў усё расказаць яму...

Мне прыйшлося доўга блукаць па калідорах двух-павярховага будынка райвыканкома, пакуль я трапіў у патрэбны кабінет. На ўрокі я ўжо спазніўся, але гэта мяне ніколькі не хвалявала. У кабінеце Рыгора Канстанцінавіча было многа людзей. Я папрасіў дзяўчыну, якая сядзела за сталом у пярэднім пакоі, выклікаць загадчыка. Яна не згаджалася, тады я сеў на стул і пачаў чакаць. Нарэшце Рыгор Канстанцінавіч выйшаў сам.

—  А ты чаго тут? — здзівіўся ён.— У школе ж урокі...

—  Пека заўтра ўцячэ,— сказаў я.— 3 яго здзекуюцца...

—  Які Пека? — не зразумеў Рыгор Канстанцінавіч.— Хто здзекуецца?

—  Ну, Пятро Мацюшэнка. Ён жа ў вас лепш за ўсіх дыктоўкі пісаў.

Хвалюючыся і ад гэтага збіваючыся на кожным слове, я расказаў усё. Твар Рыгора Канстанцінавіча спахмурнеў, а дзяўчына, якая раней не хацела мяне слухаць, аж разявіла ад здзіўлення рот.

—  Ну, малайчына, што прыйшоў.— Рыгор Канстанцінавіч паляпаў мяне па плячы.— Трэба было раней толькі... Я і сам заўважаў нешта нездаровае. Думаў — пераломны ўзрост; бываюць, брат, у нашых маладых душах розныя рэвалюцыі. Вось табе і ўзрост... Ну, ідзі ў школу...

3 гэтага часу і загарэлася. Я паспеў толькі на трэці ўрок. У сярэдзіне гэтага ўрока Пеку выклікалі ў настаўніцкую. На перапынку ў клас з пабялелым тва-рам забягала Агрыпіна Іванаўна. Яна некага пашукала вачыма і адразу знікла. Пека, вядома, нікуды не паехаў назаўтра...

Праз два дні ў нашай школе быў настаўніцкі сход. Агрыпіне Іванаўне, відаць, моцна ўляцела, бо, прыйшоўшы дамоў, яна доўга хліпала і на нешта скардзі-лася. Выклікалі ў школу і Сямёна Барысавіча. Ён вярнуўся адтуль злосны і пахмурны. Пеку болей ніхто не крануў нават пальцам.