Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 18

Іван Навуменка

Мяне душылі слёзы, але зусім не ад болю. Мне было сорамна самога сябе. Хацелася праваліцца скрозь зямлю, збегчы куды-небудзь у белы свет. Я ад-чыніў хлеў, узлез на вышкі і лёг на леташняе сена. У процілеглым канцы хлява трывожна зашчабяталі сонныя ластаўкі. Мяне агарнулі невясёлыя думкі. «Дурныя людзі,— думаў я,— сварацца, падколваюць адзін другога, б'юцца... Навошта ўсё гэта? Хіба нельга жыць у дружбе і згодзе? Вось як гэтыя ластаўкі. Нездарма яны такія прыгожыя». Я сапраўды ніколі не бачыў, каб ластаўкі біліся, і думка пра птушак спадабалася мне.

Але пра ластавак я думаў нядоўга. Пякучая крыўда хутка вярнула мяне да зямных спраў, ад якіх ніяк нельга было адкруціцца. Мая годнасць была прыніжана, знявечана, абліта гразёю. Я ўмеў рашаць самыя цяжкія задачы з простымі і дзесятковымі дробамі, амаль не рабіў памылак у дыктоўках, мог паказаць на карце любую раку, возера або мора зямнога шара, і мяне адлупцавалі, як нейкага дурнога шчанюка. Халодны боль сціскаў маё сэрца, калі я ўспамінаў Ліну. Што б яна падумала, калі б даведалася, што мяне вучаць жыць папругай?..

У хлеў прыйшла маці. Яна здагадалася, што ў мяне нядобра на душы, і хацела мяне суцешыць.

—  Ідзі ў хату,— ласкава сказала яна.— А то яшчэ прастудзішся. Гэта Рашэль падвяла бацьку. Сказала пра цябе, што і ў школе ты калючы, і хвалілася, што Пека яе клопатам стаў цяпер, як шаўковы. А я сама не хачу гэтай бойкі...

Я быў удзячны маці, хоць яна не зусім разумела мяне. Я не крыўдаваў на бацьку за тое, што ён пахадзіў па мне папругай. I раней здаралася, што бацька або маці давалі мне кухталя. Але то было пад гарачую руку і за які-небудзь учынак, дзе я сам адчуваў сябе вінаватым. Тое забывалася адразу. А тут ён адлупцаваў мяне без ніякай маёй віны, думаючы, што я зраблюся пасля гэтага лепшым. Дый не маленькі ж я цяпер, каб вучыць мяне папругай. Найшоў каго слухаць... Рашэлі...

—  Прынясі мне кажух,— папрасіў я маці.— Буду начаваць тут.

Назаўтра раніцай прыйшоў мяне суцяшаць Пека. 3 хвіліну ён пасядзеў моўчкі, потым зашаптаў:

—  Я табе памагу, калі хочаш. Толькі ты маўчы. Я сабраў ужо трыццаць чатыры рублі, на білет хопіць. Мы можам паехаць і без білетаў. На заводзе скажам, што нам па шаснаццаць гадоў, і паступім на работу. Я думаю ехаць паслязаўтра. Рашэлі якраз дома не будзе.

—  Куды ты паедзеш? — спалохана спытаў я. Мне было вядома аб Пекавым намеры, але я звязваў яго з нейкай далёкай будучыняй. Цяпер жа гэтая будучыня насунулася, прыйшла, і мне стала проста страшна.

—  У горад паеду,— рашуча шаптаў Пека.— Паступлю вучнем на завод, я рослы, прымуць. Ты можаш пазней прыехаць, калі баішся. Я табе ліст пры-шлю...

—  Прападзеш ты,— угаворваў я сябра, страшачыся яго рашучасці.

—  Не прападу, не малы... Там мяне ніхто не будзе лупцаваць, зваць дармаедам... Дык ты згодны?

—  Ты яшчэ падумай, Пека,— спрабаваў угаварыць я сябра.— Здадзім экзамены, тады паглядзім...

—  Нечага глядзець,— злосна адрэзаў Пека.— Не хочаш, не трэба. Толькі трымай язык за зубамі.