Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 15

Іван Навуменка

Параўноўваючы літаратурнае чытанне з геаграфіяй і батанікай, я прыходзіў да сумнага вываду, што гэтыя два прадметы куды цікавейшыя. Географ і батанік расказвалі пра горы, каменне, вятры, едкі люцік і балотны хвошч з большым захапленнем, чым Агрыпіна Іванаўна пра Пушкіна, Лермантава і Максіма Горкага.

Яшчэ болын не падабалася нам Агрыпіна Іванаўна як класны кіраўнік. Яна зусім не цікавілася нашымі схільнасцямі, характарамі, турботамі. Яна, здаецца, ведала толькі адно: кожны вучань павінен весці сябе прыкладна, а вучыцца добра. Гэта настаўніца паўтарала нам на кожным класным сходзе.

—  Гэта ж сорамна не вучыць урока,— распякала яна каго-небудзь з вучняў.

Або:

—  Як вам не брыдка парушаць дысцыпліну? Усе запаведзі, якімі Агрыпіна Іванаўна імкнулася дамагчыся поўнага перавыхавання класа, мы ведалі вельмі добра. Але нават вывучыўшы іх на памяць, мы чамусьці не рабіліся лепшымі.

Клас вельмі хутка даў сваю ацэнку Агрыпіне Іванаўне:

—  Далёка ёй да Рыгора Канстанцінавіча,— была адзінадушная думка.— Нейкая яна кіслая.

—  Палка,— сказала аднойчы пра настаўніцу Ліна. Мы з Пекам маўчалі...

Пека хадзіў сумны, вучыўся ён у апошняй чвэрці значна горш, чым у пачатку года. Многія ў нашым класе ўжо заўважылі, што Пека не любіць і баіцца сваёй сястры. Аб гэтым нейкім чынам здагадваліся нават настаўнікі. Я заўважыў: і географ, і батанік, і асабліва настаўніца нямецкай мовы палепшалі да Пекі. Яны стараліся падбадзёрыць яго і пры ўсякім зручным выпадку падхвальвалі.

Наступіла вясна. Яна ў гэтым годзе была цёплая, ранняя. У красавіку ўжо ярка свяціла сонца, дзяўчаты штодня прыносілі ў клас букецікі кураслепу. Пеку з надыходам вясны стала вальней. Амаль па ўсіх прадметах ішло паўтарэнне, і ён не браўся за кнігі, спадзеючыся на сваю памяць. I да ўрокаў і пасля іх Пека дома амаль не стыкаўся. Ён швэндаўся па мястэчку, гадзінамі прастойваў на станцыі, праводзячы зайздросным позіркам цягнікі. Яны імчаліся не спыняючыся. Агрыпіна Іванаўна ў апошні час паслабіла свой кантроль над Пекам. Можа, яна рыхтавалася да ўрокаў, правярала нашы сшыткі, а можа была якая-небудзь іншая прычына.

3 наступленнем вясны тоўсты Сямён Барысавіч зноў па цэлым тыдні прападаў на раёне. Без яго да Агрыпіны Іванаўны пачаў часта заходзіць Міланці Казельчык, наш фізкультурнік. Міланція Іосіфавіча за настаўніка мы не лічылі, дый ніякім настаўнікам ён фактычна і не быў. Ён працаваў масавіком у клубе, і яго проста запрасілі праводзіць спевы і фізкультуру, бо спецыяльнага настаўніка, мабыць, не было. Тую гадзіну ў тыдзень, якая была адпушчана на фізкультуру, мы прагульвалі, бо Міланці Іосіфавіч гімнастычнымі практыкаваннямі не вельмі цікавіўся. Ён пераважна націскаў на розныя гульні. Хлопцы ў гульнях удзельнічаць не хацелі, і настаўнік займаўся з аднымі дзяўчатамі. Ён наладжваў карагод і, вытанцоўваючы сваімі доўгімі нагамі пасярэдзіне круга, падпяваў: «А лягушкі скачуць так, так ля-гушкі скачуць...» Дзяўчаты кружыліся і смяяліся ад задавальнення, а хлопцы, стоячы воддаль, пасмейваліся з дзяўчат і з фізкультурніка разам. За доўгія ногі Міланція Казельчыка празвалі «Бусел», і гэтая мянушка прыжылася. Пра фізкультурніка яшчэ расказвалі, што яго жонка сама ходзіць атрымліваць мужаву зарплату, бо, відаць, яму не вельмі давярае...