Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 14

Іван Навуменка

Для нас з Пекам наступілі нярадасныя дні. Тым, хто не ведаў Пекі, магло здацца, што ён перамяніўся. Пека сапраўды стаў зацяты, маўклівы, ён не галёкаў і не бегаў, як раней, па партах. Некаторыя ўрокі ён праседжваў, не зварухнуўшыся, уставіўшыся позіркам у якую-небудзь адну кропку. Толькі зрэдку, пераважна ў тыя дні, калі ў нас не было ўрокаў Агрыпіны Іванаўны, Пека рабіўся ранейшым. На яго тады нібы находзіла нейкая пошасць, і ён пацвельваўся, высмейваў кожнага, хто яму не падабаўся, выдумляў розныя штукі.

—  Пра што ты думаеш? — спытаўся я аднойчы ў Пекі.

—  Ты ведаеш,— адказаў ён з яўнай неахвотай.— Я табе казаў ужо. Толькі ты маўчы.

Пека чакаў лета... Я не чакаў нічога. Для мяне страцілі былую прывабнасць дыктоўкі і пераказы, урокі літаратурнага чытання, якія некалі так цудоўна праводзіў Рыгор Канстанцінавіч. Мне проста не хацелася слухаць Агрыпіны Іванаўны, хоць усё, здаецца, яна тлумачыла правільна.

У адзін з тых дзён настаўніца сказала, што мы будзем пісаць пераказ «Мой настаўнік».

—  Мы пісалі ўжо гэты пераказ,— загуў клас.

Агрыпіна Іванаўна спачатку разгубілася, але по тым узяла сябе ў рукі.

—  Па плану вы павінны пісаць пераказ «Мой настаўнік» не ў трэцяй, а ў апошняй чвэрці,— заявіла яна.— Ранейшы   настаўнік   проста   зрабіў   памылку.

На гэты раз пераказ я напісаў за адзін урок. Ён атрымаўся ў мяне ў тры разы карацейшы, чым раней, бо я нічога не хацеў выдумляць. Пека выцягнуў стары сшытак і проста перапісаў з яго. Так рабілі і іншыя.

Праз два дні Агрыпіна Іванаўна раздала сшыткі. Цяпер я параўняўся з Пекам: і мне, і яму настаўніца паставіла «здавальняюча».

Я дарэмна баяўся: вялікага аўтарытэту Агрыпіна Іванаўна ў нашым пятым класе не заваявала. Нам не падабалася, што яна лічыць нас нейкімі дзецьмі і задае іншы раз проста смешныя пытанні.

—  Няхай думае ўвесь клас,— пачынала настаўніца ўрок.— Як называлася вёска, дзе жыў Мішка Дадонаў?

Тут нечага было думаць. Разгарнуўшы кнігу, кожны мог адразу прачытаць назву гэтай вёскі.

—  Як звалі няньку Пушкіна?

—  Арына Радзіёнаўна,— хорам гудзеў клас.

—  На якім кані сядзеў Кутузаў у час Барадзінскага бою?

—  На белым...

Ад гэтых пытанняў паразумнець было цяжка. Можна было забыць нават тое, што ведаеш. Агрыпіна Іванаўна да кожнага самага маленькага вершыка пры-думвала процьму такіх пытанняў. Атрымлівалася, што мы не вучні пятага класа, а нейкія выхаванцы дзіцячага сада, якім трэба ўсё разжаваць і гатовае пакласці ў рот. Настаўніца не дазваляла нам самастойна ступіць нават кроку. У яе было загатоўлена пытанне на кожны радок верша, на кожны самы маленькі кавалачак тэкста. Для гэтых кавалачкаў мы прыдумвалі загалоўкі, потым складалі падрабязны план кожнага ўрыўка, потым намячалі пытанні, на якія патрэбна было адказваць. Гэтыя загалоўкі, урыўкі, пытанні абрыдлі нам, як камары ў вясновы надвячорак. Урокі літаратурнага чытання мала чым адрозніваліся цяпер ад урокаў арыфметыкі.

Як нешта дзіўнае, што мінула і ніколі не вернецца, успамінаў я заняткі, якія праводзіў Рыгор Канстанцінавіч. Наш былы настаўнік не баяўся, што мы не зразумеем цяжкага матэрыялу, і заўсёды размаўляў з намі, як з дарослымі. Тое, аб чым ён расказваў, было заўсёды новым і цікавым.