Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 13

Іван Навуменка

Кончылася трэцяя, самая вялікая чвэрць. У дзённіку я прынёс лепшыя, чым Пека, адзнакі. Нават па рускай мове ў Пекі ўжо не было пяцёркі. Па паводзі-нах яму паставілі «здавальняюча». Але сябра на гэты раз не білі. Рашэль разам са сваім Сямёнам Барысавічам паехала некуды ў горад, і Пека сталаваўся ў нас.

Я ўсё болей і болей думаў пра Ліну. Мне зусім не хацелася з ёю сустракацца, размаўляць, я любіў пра яе толькі думаць. Я не ведаў, ці прыгожая яна, ці разумная, гэта зусім мяне не цікавіла. Са школы разам з Лінай я ўжо болей ніколі не хадзіў, стараючыся знікнуць з класа раней ці пазней за яе. Мне не хацелася якім-небудзь учынкам асароміцца перад дзяўчынкай. Ліна таксама не шукала сустрэч са мною. Але я ніколі за гэта на яе не крыўдзіўся. Мне было дастаткова таго, што Ліна жыве на свеце, вучыцца са мной у адным класе і на ўроках крадком я магу на яе паглядаць. Іншы раз, калі Ліна запіналася, адказваючы ўрок, мне рабілася яе шкада.

У пачатку апошняй, чацвёртай, чвэрці ў нашай школе адбыліся перамены. Рыгора Канстанцінавіча ад нас забралі, і ён стаў працаваць загадчыкам райана. Яго замяніла Рашэль. Яе ж прызначылі і класным кіраўніком у пяты клас.

— Я б ніколі не пайшла працаваць у сямігодку,— заявіла Рашэль маёй маці.— Інстытут я канчала не для гэтага. Усё з-за Пекі. Ён зусім адбіваецца ад рук. Куды там толькі глядзяць настаўнікі, не разумею...

У школе Рашэль перастала быць Рашэллю. Яна сказала перад усім класам, што яе завуць Агрыпінай Іванаўнай. Пеку яна называла ў класе Пятром.

Прызначэнне Рашэлі настаўніцай ударыла па мне вельмі балюча. Я не любіў Пекавай сястры і дома гэтага ніколечкі не хаваў. На яе пытанні я адказваў «так» або «не», у пакой нашых кватарантаў не заходзіў, стараючыся не трапляцца Рашэлі на вочы. Мяне брала крыўда за нашага дырэктара: няўжо ён не разабраўся, што Рашэль дрэнная настаўніца, што ёй не месца ў школе. Шкада было і Пекі, ён цяпер цэлы дзень быў на вачах у сваёй сястры.

Я лічыў, што наш пяты клас адразу разбярэцца, хто такая Рашэль. Але я памыліўся. Новая настаўніца зайшла ў клас, асвяціўшы свой твар усмешкай, яна гаварыла нейкім новым, маладым голасам, жартавала,  і з яе жартаў некаторыя нават смяяліся.  Мы з Пекам не смяяліся. Нам было не да смеху.

Я не слухаў, як тлумачыла Рашэль. Мы разбіралі аповесць «Ташкент— горад хлебны», настаўніца расказвала пра пакуты галоднага Мішкі Дадонава, вы-клікала нават мяне прачытаць нейкі ўрывак, але ўсё гэта прайшло ў нейкім паўсне. Я не верыў ніводнаму слову Агрыпіны Іванаўны, мяне зусім не ўзрушалі тыя задушэўныя ноткі, якія час ад часу прарываліся ў яе голасе. Нарэшце ўрок скончыўся, і я ўздыхнуў з палёгкай.

—  Ну, як новая настаўніца? — спытаў я ў свайго суседа па парце.

—  Нічога сабе,— бесклапотна прамовіў ён.— Тлумачыць падрабязна. Толькі вельмі высокая яна. А вам з Пекам цяпер добра, вы можаце нават не вучыць яе прадметаў. Дрэннай адзнакі яна ж вам не паставіць...

Мой сусед нічога не хацеў разумець.