Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 12

Іван Навуменка

3 Пекам мы зноў памірыліся. Прыйшоўшы назаўтра ў клас, ён пераканаўся, што я нічога лішняга пра яго не сказаў, і першы працягнуў мне руку. Мне было трохі ніякавата перад сябрам. Я ўжо ведаў, што думае пра яго Ліна, але ні за якія грошы не адкрыў бы гэтага Пеку. Мне нават здавалася, што я нешта ўкраў у сябра, і таму часта ўзнікала жаданне зрабіць для яго што-небудзь добрае, дагадзіць яму.

Пека па-ранейшаму на перапынках галёкаў, Ліна стаяла ля акна і аб нечым думала, а я стараўся на яе не глядзець. 3 той памятнай размовы я наогул усяляк пазбягаў Ліны і баяўся сустрэцца з ёю адзін на адзін. Мне было дастаткова таго, што дзяўчынка пра мяне добра думае.

А далей пайшлі падзеі, якія прымусілі мяне яшчэ больш паламаць галаву над загадкамі жыцця. Рыгор Канстанцінавіч  даў нам  аднойчы  напісаць  пераказ,

які называўся «Мой настаўнік». Ён два разы прачытаў перад класам успаміны лётчыка пра свайго настаўніка. Гэта былі цікавыя ўспаміны. Лётчык яшчэ ў дзяцінстве астаўся без бацькоў. Яны загінулі ў грамадзянскую вайну. Хлопец звязаўся з беспрытульнымі, краў, ездзіў з горада ў горад. Некалькі разоў яго лавілі, накіроўвалі ў прытулкі, але ён адтуль уцякаў і зноў бадзяўся з беспрытульнымі. Але аднойчы на шляху хлопчыка трапіўся чалавек, ад якога ён не захацеў уцякаць. Гэта быў настаўнік дзетдомаўскай школы, і дзякуючы яму той хлопчык пачаў вучыцца і потым стаў славутым лётчыкам. На ўсё жыццё захаваў ён удзячнасць да настаўніка.

Мяне гэтае апавяданне ўсхвалявала. На пераказ нам было адведзена два сумежныя ўрокі, і я скончыў яго перад канцом другога ўрока, не паспеўшы нават як след праверыць напісанае. Я баяўся, што нарабіў многа памылак. Мяне адольваў страх яшчэ і па той прычыне, што я залішне далёка адышоў ад арыгінала, перасыпаўшы свой пераказ падрабязнасцямі, якіх зусім не было ў апавяданні лётчыка. Але мой страх аказаўся дарэмным. На наступны дзень Рыгор Канстанцінавіч, перш чым раздаць сшыткі, выняў з вялікага стуса мой і аставіў у сябе на стале. Ён прачытаў напісаны мной пераказ усяму класу, заявіўшы, што гэта самае лепшае ўкладанне.

— За гэтую работу я паставіў «выдатна»,— сказаў Рыгор Канстанцінавіч,— а Пятру Мацюшэнку «здавальняюча». Што з табой творыцца Мацюшэнка? Ты лепш за ўсіх пісаў дыктоўкі і пераказы, а цяпер гэтак спасаваў? У цябе не атрымалася ніякага пераказу, бо ты яго проста не скончыў. Прыйдзецца зноў пагаварыць з тваёй сястрой...

Мне было вельмі шкада Пекі. Ён сядзеў з апушчанай галавой на самай першай парце, і яго твар залівала густая чырвань. Я здагадваўся, чаму Пека не здолеў добра напісаць гэтае ўкладанне. Ён, мабыць, у тыя хвіліны, калі пісаў, успамінаў свой намер уцячы ад доўгай Рашэлі і проста не захацеў хлусіць перад настаўнікам. Я нават крыху злаваўся на Рыгора Канстанцінавіча: ён жа настаўнік і павінен раскусіць гэтую Рашэль. Няўжо ён не ўбачыў, што яна хлуслівая, жорсткая і што з-за яе пакутуе Пека.