Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 72

Тор Хейердал

Іншы раз у ціхія дні сярод сіняга акіяна далёка ад усякіх берагоў мы бачылі побач з нашым плытом белае пяро птушкі. Адзінокія буравеснікі і іншыя марскія птушкі, якія могуць спаць на вадзе, сустракаліся нам за тысячы міль ад самай блізкай зямлі. Калі, падплыўшы да маленькага пяра, мы пачыналі яго ўважліва разглядаць, мы бачылі на ім двух — трох пасажыраў, якія з усімі выгодамі плылі туды, куды гнаў іх вецер. Як толькі «Кон-Цікі», нібы нейкі Галіаф, апярэджваў іх, пасажыры, убачыўшы новае судна, што рухалася шпарчэй і было значна большым, пакідалі свае месцы і як мага хутчэй перабіраліся па вадзе на плыт, а пяро плыло далей ужо ў адзіноце. Неўзабаве «Кон-Цікі» кішэў безбілетнымі пасажырамі. Гэта былі маленькія марскія крабы. Велічынёй з пазногаць пальца, а часам і куды большыя, яны з’яўляліся вельмі смачным ласункам для веліканаў на плыце, калі нам удавалася злавіць іх. Маленькія крабы выконвалі ролю паліцэйскіх на паверхні акіяна; яны доўга не думалі, калі бачылі што-небудзь спажыўнае. Варта было коку не заўважыць лятучую рыбу, што ляжала між бярвеннямі, як назаўтра на ёй ужо сядзелі восем або дзесяць маленькіх крабаў і частаваліся, жвава працуючы клюшнямі. Пры набліжэнні каго-небудзь з нас яны часцей за ўсё палохаліся, хутка ўцякалі і хаваліся, але на карме ў маленькай дзірцы ля калоды для рулявога вясла пасяліўся адзін краб — мы назвалі яго Юханесам, — які быў зусім свойскім. Разам з папугаем, нашым агульным любімцам, краб Юханес таксама быў членам нашай кампаніі на плыце. Калі вахтавы, седзячы ў сонечны дзень за рулём спінай да каюты, не бачыў побач з сабой Юханеса, ён адчуваў сябе вельмі адзінокім сярод бязмежнага прастору сіняга акіяна. У той час як іншыя маленькія крабы спалохана ўцякалі і хаваліся, як прусакі на звычайным караблі, Юханес смела сядзеў перад сваімі дзвярыма і, вылупіўшы вочы, чакаў змены вахты. Кожны з нас, выходзячы на вахту, прыносіў крошкі галет або кавалачак рыбы для Юханеса, і дастаткова было нагнуцца над яго нарою, як ён адразу ж з’яўляўся на парозе і працягваў лапкі. Ён клюшнямі збіраў крошкі з нашых пальцаў, бег назад у нюрку і, седзячы ўнізе ля выхаду, перажоўваў яду, нібы школьнік, які напхаў сабе поўны рот.