Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 71

Тор Хейердал

Добра вядома, што Амерыка, калі не лічыць Палінезіі, — адзінае месца на зямлі, дзе салодкая бульба расла да таго, як там з’явіліся еўрапейцы.

А салодкая бульба Ipomaea batatas, што прывёз Цікі на астравы, гэта тая самая бульба, якую са старажытных часоў вырошчвалі ў Перу індзейцы.

Сушаная салодкая бульба была самым галоўным прадуктам харчавання ў час падарожжаў і ў індзейцаў старажытнага Перу і ў палінезійцаў. На астравах Паўднёвага мора бататы растуць толькі пры старанным доглядзе, і паколькі яны баяцца марской вады, спроба растлумачыць іх шырокае распаўсюджанне на гэтых ізаляваных астравах тым, што іх магло прынесці з Перу, гэта значыць больш чым за 4 тысячы марскіх міль, акіянскай плынню, зусім беспадстаўная. Гэтая спроба абвергнуць такі важны довад тым больш марная, што, як устаноўлена філолагамі, на ўсіх раскіданых на вялікай прасторы астравах Паўднёвага мора салодкую бульбу называюць «кумара», а пад гэтай самай назвай «кумара» салодкая бульба была вядома ў старажытных індзейцаў у Перу. Назва паплыла ўслед за бататам цераз акіян.

Другой вельмі важнай раслінай, якую вырошчваюць у Палінезіі і якую мы везлі з сабой на «Кон-Цікі», быў гарбуз у форме бутэлькі — Lagenaria vulgaris. Не менш важнае значэнне, чым сам плод, мела абалонка гарбуза — палінезійцы высушвалі яе над агнём і карысталіся потым як пасудзінай для вады. Гэтая тыпічная агародная расліна, якая зноў-такі не магла сама пераплыць акіян і распаўсюдзіцца ў дзікім выглядзе на астравах, была вядома і старажытным палінезійцам і першым жыхарам Перу. Такія гарбузы ў форме бутэлек, ператвораныя ў пасудзіну для вады, мы знаходзім у закінутых дагістарычных магілах на берагах Перу; імі карысталіся там рыбакі за шмат стагоддзяў да таго, як на астравах Ціхага акіяна з’явіліся першыя людзі. Палінезійская назва гэтага гарбуза, «кімі», сустракаецца і сярод індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі, адкуль бярэ свой пачатак культура Перу.

У дадатак да рознай паўднёвай садавіны, што была з’едзена намі за некалькі тыдняў, перш чым яна паспела згніць, мы мелі з сабой трэцюю расліну, якая, гэтак жа як і салодкая бульба, адыграла найбольшую ролю ў гісторыі Ціхага акіяна. У нас было дзвесце какосавых арэхаў, якія давалі работу нашым зубам і забяспечвалі нас асвяжальным напіткам. Некаторыя арэхі неўзабаве пачалі прарастаць, і роўна праз дзесяць тыдняў пасля таго, як мы адплылі ад берагоў Перу, у нас з’явіўся паўтузін малюсенькіх пальмаў вышынёй 30 сантыметраў, парасткі якіх ужо распусціліся, утварыўшы тоўстыя зялёныя лісцікі. Какосавая пальма яшчэ ў дакалумбаўскую эпоху расла і на Панамскім перашыйку і ў Паўднёвай Амерыцы. Аўтар гістарычных хронік Аўеда піша, што какосавыя пальмы раслі ў вялікай колькасці на ціхаакіянскім узбярэжжы Перу, калі там з’явіліся іспанцы. К таму часу какосавыя пальмы даўно ўжо зелянелі на ўсіх астравах Ціхага акіяна. Батанікі пакуль што не маюць пэўных звестак адносна таго, якім шляхам яны распаўсюджваліся па Ціхім акіяне. Але адно зараз ужо ўстаноўлена. Нават какосавы арэх з яго славутай шкарлупінай не можа перабрацца цераз акіян без дапамогі чалавека. Арэхі, якія ляжалі ў нас на палубе ў кашах, заставаліся прыгоднымі для ўжывання і не трацілі здольнасці прарастаць на працягу ўсяго нашага падарожжа ў Палінезію. Але прыкладна столькі ж арэхаў мы палажылі сярод каробак з прадуктамі пад палубай, дзе вакол іх увесь час плюскацелі хвалі. Гэтыя арэхі ўсе да аднаго былі папсаваны марской вадой. А як вядома, ніводзін арэх не можа плыць па акія-не хутчэй, чым бальзавы плыт, які падганяецца ветрам. Пачыналася з таго, што вочкі арэха ўбіралі ў сябе ваду і рабіліся мяккімі, а потым праз іх марская вада пранікала ўсярэдзіну. Апрача гэтага, цэлая армія зборшчыкаў смецця сачыла па ўсім акіяне за тым, каб ніводзін плывучы прыдатны да ежы прадмет не мог перабрацца з адной часткі свету ў другую.