Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 70

Тор Хейердал

Аднойчы раніцай, калі мы сядзелі за снеданнем, хваля выпадкова плюхнула ў кашу і зусім бясплатна навучыла нас, што аўсянкай у значнай ступені можна перабіць непрыемны смак марской вады.

Старыя палінезійцы захавалі ў памяці цікавыя паданні, паводле якіх іхнія старажытныя продкі, плывучы цераз акіян, мелі з сабой лісце нейкай расліны, якую яны жавалі, каб праганяць смагу. Другая ўласцівасць гэтай расліны заключалася ў тым, што, паклаўшы кавалачак яе ў рот, можна было піць, не адчуваючы агіды, чыстую марскую ваду. На астравах Паўднёвага мора такіх раслін няма; яны, відаць, раслі на радзіме іх продкаў. Палінезійскія гісторыкі настойліва сцвярджалі, што гэта праўдзівыя факты; сучасныя вучоныя зацікавіліся імі і прыйшлі да вываду, што адзінай вядомай раслінай, якая мае такія ўласцівасці, з’яўляецца кока, а расце яна толькі ў Перу. А як даказалі археалагічныя раскопкі, у дагістарычным Перу гэтая самая расліна кока, якая мае ў сабе какаін, заўсёды ўжывалася і інкамі і іх знікшымі папярэднікамі. Выбіраючыся ў цяжкае падарожжа па гарах або ў плаванне па акіяну, яны бралі з сабой пачкі гэтага лісця і шмат дзён запар жавалі яго, каб не адчуваць смагі і стомленасці. Гэта дазваляла ім на працягу пэўнага часу нават без шкоды для сябе піць марскую ваду.

На «Кон-Цікі» нам не давялося пакаштаваць лісцяў кока; у нас на пярэдняй частцы палубы былі вялікія плеценыя кашы, поўныя іншых раслін, якія паклалі глыбокі адбітак на ўсё жыццё астравоў Паўднёвага мора. Моцна прывязаныя кашы стаялі пад аховай сцяны каюты, і, па меры таго як ішоў час, з іх усё вышэй і вышэй падымаліся жоўтыя парасткі і зялёнае лісце. Гэта нагадвала маленькі трапічны сад на драўляным плыце. Калі першыя еўрапейцы з’явіліся на астравах Ціхага акіяна, яны ўбачылі вялікія плантацыі салодкай бульбы на востраве Пасхі, на Гавайскіх астравах і ў Новай Зеландыі; той жа самы батат вырошчвалі таксама на іншых астравах, але толькі ў межах Палінезіі. У тых краінах, што знаходзіліся далей на захад, яго зусім не ведалі. Салодкая бульба з’яўлялася адной з самых важных раслін, якія вырошчвалі на гэтых далёкіх астравах, дзе людзі без яе вымушаны былі б харчавацца галоўным чынам рыбай. З гэтай раслінай звязана шмат палінезійскіх легенд. Паводле падання, яе прывёз не хто іншы, як сам Цікі, калі разам з жонкай Пані з’явіўся з першапачатковай радзімы іх продкаў, дзе салодкая бульба была важным прадуктам харчавання. Новазеландскія легенды расказваюць, што салодкую бульбу прывезлі з-за акіяна на суднах, якія былі не чаўнамі, а «бярвеннямі, звязанымі між сабой вяроўкамі».