Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 73

Тор Хейердал

Крабы, быццам мухі, абляпілі намоклыя какосавыя арэхі, якія лопаліся ад браджэння ўнутры, або жывіліся выкінутым хвалямі на плыт планктонам. А планктон, гэтыя найдрабнейшыя марскія арганізмы, з’яўляўся някепскай ежай нават для нас, веліканаў, калі мы навучыліся здабываць яго па столькі зараз, каб хапіла на ніштаваты глыток.

Гэтыя амаль нябачныя планктонныя арганізмы, што ў незлічонай колькасці плаваюць па акіянах па волі плыняў, з’яўляюцца, бясспрэчна, вельмі пажыўнай ежай. Калі некаторыя рыбы і марскія птушкі самі не ядуць планктону, то ў такім выпадку яны жывуць за кошт іншых рыб або марскіх жывёл, якія, незалежна ад сваіх памераў, часам вельмі вялікіх, харчуюцца ім. Планктон — гэта агульная назва для тысячы відаў бачных і нябачных воку дробных арганізмаў, якія плаваюць у акіяне ля самай паверхні. Некаторыя з іх з’яўляюцца раслінамі (фітапланктон), а астатнія — рыбінымі ікрынкамі, што плаваюць незалежна адна ад адной, або малюсенькімі жывёламі (заапланктон). Жывёльны планктон харчуецца раслінным планктонам, а раслінны планктон жыве за кошт аміячных, азоцістакіслых і азотнакіслых злучэнняў, якія ўтвараюцца пры распадзе мёртвага жывёльнага планктону. Служачы ежай адзін для аднаго, гэтыя два віды планктонных арганізмаў з’яўляюцца ў той жа час харчам для ўсіх, хто рухаецца ў вадзе і над вадой. Праўда, планктонныя арганізмы вельмі малюсенькія па велічыні, але затое па колькасці іх вельмі многа. У шклянцы багатай на планктон вады іх налічваецца тысячы. Не адзін раз людзі паміралі ў моры ад голаду, таму што ім не трапляліся рыбы такой велічыні, каб іх можна было біць восцямі, лавіць сеткай або на кручок. У такіх вьнпадках часта здаралася, што людзі плылі літаральна ў моцна разбаўленай юшцы з сырой рыбы. Калі б да кручкоў і сетак, што былі ў іх, яны мелі прыладу для працэджвання юшкі, сярод якой плылі, яны маглі б атрымаць пажыўную гушчу — планктон. Калі-небудзь у будучым людзі пачнуць, напэўна, думаць аб тым, каб збіраць планктон у моры ў вялікіх маштабах, як калісьці, даўным-даўно, ім прыйшла ў галаву думка збіраць зярняты на зямлі. Ад аднаго зярняці карысці няма, але ў вялікай колькасці яны даюць хлеб.

Адзін вучоны-гідрабіёлаг падзяліўся з намі гэтай ідэяй і прыслаў нам рыбалоўную сетку, якая адпавядала тым стварэнням, што мы збіраліюя лавіць. «Сетка» гэтая была сплецена з шаўковых нітак і мела прыкладна пяцьсот ячэек на квадратны сантыметр. Яна была сшыта ў форме лейкі, шырокі канец якой быў замацаваны вакол жалезнага кальца дыяметрам 45 міліметраў. Сетка плыла на вяроўцы за плытом. Як і пры іншых відах рыбнай лоўлі, уловы бывалі розныя ў залежнасці ад часу і месца. Уловы змяншаліся па меры таго, як вада ў акіяне, далей на захад, рабілася цяплейшай; самыя лепшыя вынікі ў нас бывалі ўночы, паколькі шмат якія віды планктонных арганізмаў пры сонечным святле, відаць, апускаюцца глыбей у ваду.