Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн

Тор Хейердал

Тор Хейердал

Падарожжа на «Кон-Цікі»

[На плыце ад Перу да Палінезіі]

Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літаратуры.

Навуковая рэдакцыя і заўвагі члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР С. В. Обручава.

Пераклад зроблены з выдання: Тор Хейердал. Путешествие на «Кон-Тики». Издательство ЦК ВЛКСМ «Молодая гвардия», 1957.

Пераклад С. Міхальчука.

Малюнкі ў тэксце Ф. Лемкуля.

Вокладка і тытул А. Сапеткі.

Рэдактар I. Сакалоўскі.

Мастацкі рэдактар М. Гуціеў.

Тэхнічны рэдактар В. Новікава.

Карэктары М. Барсукова і I. Мешчанінава.

ПРАДМОВА

Кніга нарвежскага этнографа Тора Хейердала прысвечана апісанню арганізаванага ім разам з пяццю таварышамі ў 1947 годзе падарожжа на плыце ад берагоў Перу да астравоў Палінезіі. Па выключнай рашучасці і ўмельству, з якімі ўдзельнікі экспедыцыі ажыццявілі, карыстаючыся нязначным матэрыяльным абсталяваннем, небяспечнае марское плаванне цераз Ціхі акіян, гэтае падарожжа з’яўляецца адной з самых смелых і выдатных навуковых экспедыцый апошняга стагоддзя.

На простым плыце з дзевяці бярвенняў, змацаваных вяроўкамі са сцяблоў раслін, са звычайным прамым парусам даследчыкі прайшлі 4 300 марскіх міль ад берагоў Паўднёвай Амерыкі да астравоў Палінезіі. Яны праплылі на плыце ў два разы больш, чым Калумб у час яго першага падарожжа да астравоў Вест-Індыі, якое ён зрабіў на добра аснашчаных мараходных караблях, хоць і невялікіх па памеру.

Поспех плавання плыта Хейердала быў абумоўлены дакладным аналізам узаемадзеяння плыняў і вятроў гэтай часткі Ціхага акіяна, і па глыбіні навуковага прадбачання і смеласці задумы гэтую экспедыцыю можна параўнаць толькі з дрэйфам цераз Паўночны Ледавіты акіян, дрэйфам, які быў праведзены ў 1893—1896 гадах другім нарвежцам — Фрыт’ёфам Нансенам.

Экспедыцыя Хейердала мела на мэце даказаць, што старажытныя жыхары Перу маглі даплысці на сваіх плытах да астравоў Палінезіі. Хейердал належыць да групы этнографаў, якія прытрымліваюцца «амерыканскай» гіпотэзы аб паходжанні палінезійцаў. Гэтыя вучоныя лічаць, што астравы Акеаніі былі заселены выхадцамі з Паўднёвай або Паўночнай Амерыкі. Праціўнікі гэтай гіпотэзы перш за ўсё спасылаліся на тое, што старажытныя жыхары Амерыкі і асабліва жыхары ціхаакіянскага ўзбярэжжа не мелі мараходных суднаў.

Хейердал, спрабуючы надрукаваць сваю манаграфію аб амерыканскім паходжанні палінезійцаў, сустрэў у навуковых колах, якія прытрымліваліся агульнапрынятай гіпотэзы аб азіяцкім паходжанні палінезійцаў, рэзкую апазіцыю і, каб даказаць сваю здагадку, вырашыў перш за ўсё абвергнуць пярэчанні аб немагчымасці плавання з Перу ў Палінезію на прымітыўных перуанскіх суднах. I ён бліскуча даказаў, што на плыце, які нічым не адрозніваецца ад старажытнага перуанскага, можна праплыць, карыстаючыся плынню і пасатнымі вятрамі, амаль да цэнтра Палінезіі.

Але, як піша ў пасляслоўі і сам Хейердал, ён даказаў гэтым толькі мараходныя якасці бальзавых плытоў. Для доказу амерыканскага паходжання палінезійцаў патрэбна было больш саліднае навуковае абгрунтаванне, і гэтаму пытанню Хейердал прысвяціў спецыяльную вялікую навуковую працу, якую да яго падарожжа ніхто не хацеў надрукаваць і якая пасля шумнага поспеху экспедыцыі, падмацаваная новымі данымі, была надрукавана ў 1952 годзе.