Читать «Гары Потэр і Вязень Азкабана» онлайн - страница 96

Джаан Роўлінг

— Так, але... але... — Герміёна з усіх сілаў пыталася знайсці хоць якую прычыну. — Глядзі, Гары ўсё ткі забаронена знаходзіцца ў Хогсмідзе, бо ён ня мае падпісанага дазволу! І калі хто даведаецца ў яго будзе купа праблемаў! Да таго ж зараз не вечар... і што калі Сірыюс Блэк з’явіцца сёння? Зараз?

— Але ж цяжка яму будзе выявіць тут Гары, — сказаў Рон, ківаючы на густы снег, які падаў за ваконнай рамай. — Годзе, Герміёна, надыходзяць Каляды, Гары гэтага заслугоўвае.

Герміёна сціснула вусны, але працягвала глядзець з турботай.

— Ты мне хочаш нешта сказаць? — усміхнуўшыся спытаўся Гары.

— Вох... ня тое каб... але, шчыра кажучы, Гары...

— Набудзем свісцячых пчол, Гары? — сказаў Рон, схаіўшы яго за рукаў і пацягнуўшы да бочак. — А мармеладавых смоўжняў? Можа кіслотных цукерак? Фрэд неяк даў мне адну такую, калі мне было сем год... і яна пражгла мне дзірку ў языку. Я памятаю, як маці потым лупцавала яго сваёй мятлою. — Рон задумліва глядзеў на пакунак з кіслотнымі цукеркамі. — Як вы лічыце, ці з’ясі Фрэд крыху прусачыных гронак, калі я скажу яму, што гэта арахіс?

Рон з Герміёнай заплацілі за ўсе свае прысмакі і тройца пакінула Мядовага Герцага і выйшла на завейную вуліцу.

Хогсмід нагадваў калядную картку: маленечкія хаткі і крамкі былі ўкрытыя коўдраю свежага снега, на дзвярах віселі калядныя вяночкі, а між дрэвамі луналі гірлянды зачараваных свечак.

Гары калаціла ад холаду, бо ў адрозненні ад сваіх сяброў ён быў без плашчу. Яны ішлі па вуліцы схіліўшы галовы супраць ветру і Рон з Герміёнай штохвіліны крычалі праз свае шалікі.

— Вось мясцовая пошта...

— А там крама Зонкі...

— Давайце пойдзем да Лямантуючай халупы...

— Маю лепшую прапанову, — стукаючы зубамі прамовіў Рон. — А ці не пайсці нам у Тры Мятлы па вяршковае піва?

Гары быў больш чым згодны — яго рукі змерзлі пад шалёным ветрам, таму яны перайшлі праз дарогу і праз колькі хвілін апынуліся ля невялічкага шынку.

Усярэдзіне было вельмі цесна, шумна, горача і задымлена. За барнай стойкай стаяла пышнацелая жанчына з прыгожым тварам і абслугоўвала купу вядзмакоў.

— Гэта мадам Размерта, — паведаміў Рон. — Пайду набуду напой, — дадаў ён і пайшоў крыху чырванеючы.

Гары з Герміёнай прабраліся на задкі шынку, дзе між акном і елкай, стаялай ля коміна, быў невялічкі свабодны столік. Праз пяць хвілінаў да іх падыйшоў Рон, трымаючы ў руках тры пеністых куфлі гарачага вяршковага піва.

— Шчаслівых Калядаў! — прамовіў ён падымаючы свой куфаль.

Гары зрабіў вялізны глыток. Ён не спрабаваў у сваім жыцці анічога больш смачнага і здавалася, кожная клетачка яго цела напоўнілася цяплынёй.

Ратам лёгкі ветрык узварушыў яго чубок. Дзверы ў Тры Мятлы расчыніліся, Гары паглядзеў праз край свайго куфля і ледзве не захлынуўся.

У шынок, упусціўшы купу сняжынак завіталі прафесары МакГонагал і Флітвік, а за імі ўслед рушыў Хагрыд, пагружаны ў размову з мажным мужчынаю ў лаймава-зялёным кацялку і паласатай мантыі — Карнэліюсам Фаджам, міністрам па магічных справах.

Імгненна рукі Рона і Герміёны апынуліся на гарынай патыліцы і запхалі яго з крэсла пад стол. Узапрэўшы ад вяршковага піва, хлопчык прыпаў да зямлі, сціснуўшы пусты куфаль у руках. Ён убачыў як ногі Фаджа і настаўнікаў рушылі да бару, супыніліся, а затым накіраваліся за суседні з тройцай столік.