Читать «Гары Потэр і Вязень Азкабана» онлайн - страница 59

Джаан Роўлінг

— Га, мож’ яна мае рацыю, — сказаў палясоўшчык і адпусціў Гары і Рона, які адыйшоў у бок хістаючыся і паціраючы бок. Хагрыд ускінуўся са свайго крэсла і кволай хадой пайшоў за Герміёнай. Праз імгненне Гары з Ронам пачулі гучны пляск.

— Што ён зрабіў? — нервуючыся спытаўся Гары у Герміёны, якая вярнулася ў хаціну з пустым кубкам.

— Сунуў галаву ў бочку з вадою, — адказала Герміёна, кладучы куфаль у шафу.

Хагрыд, паціраючы вочы, вярнуўся ў хаціну. З яго барады і валасоў лілася вада.

— Гэдак лепш будзе, — прамовіў ён, хістаючы валоссем і пырскаючы на сваіх гасцей вадой, як сабака. — Слухайць, як добра, што вы віталі да мяне, я насамрэч...

Хагрыд супыніўся і ўтаропіўся на Гары, бы толькі што зразумеў, што той у яго ў хаціне.

— А ТЫ ТУТ ШТО РОБІШ, ГА? — зароў Хагрыд настолькі нечакана, што яны ажо падскочылі. — ТАБЕ Ж ЗАБАРОНЕНА ВАЛЭНДАЦ’ ПАСЛЯ ПРЫЦЕМКАЎ! І ВЫ ДВОЯ! ДАЗВОЛІЛІ ЯМУ?!

Хагрыд падыйшоў да Гары, схапіў яго за руку і павёў да дзвярэй.

— Ходзьма! — разлютавана сказаў палясоўшчык. — Я адвяду вас да школы і, барані Бог, каб я вас шчэ стрэў валэндаючыміся пасля прыцемак. Я не такая ўжо каштоўнасць!

— РАЗДЗЕЛ VII —

Богарт у шафе

Малфой не аб’яўляўся на заняткаж ажно да ранніцы чацверга, калі ён меў ласку прыйсці на другую палову супольнага між грыфіндорцамі і слізэрынцамі ўрока Зеллеварства. Ён фанабэрліва прайшоўся перад вучнямі дэманструючы сваю забінтаваную правую руку вісячую ў тальмаху, быццам, па меркаванні Гары, паўдзельнічаў у тузіне лютых боек.

— Ну як ты, Драко? — манерна спыталася Пансі Паркінсон. — Ці яшчэ моцна баліць?

— Так, — адказаў Малфой, скрывіўшы зухаўскую міну. Але Гары заўважыў, як той падміргнуў Крэйбу і Гойлу, калі Пансі адвярнулася.

— Супакойся, сядай, Малфой, — абыякава прамовіў Снэйп.

Гары і Рон пахмурліва зірнулі адно на аднаго; калі б хто з іх гэдак бы валэндаўся па кабінэце Снэйпа, ён бы ані не абмежаваўся бы “Супакойся”, а пакінуў бы іх пасля заняткаў. Але Малфою на яго занятках ўсё дарма праходзіла, бо Снэйп быў Галавою слізэрынскага Дому і заўжды патураў сваім гадаванцам, больш чым іншым вучням.

Сёння яны праходзілі новае зелле — “Маладзільную настойку” і Малфой адмыслова паставіў свой кацёл разам з Гары і Ронам, каб працаваць з імі за адным сталом.

— Сэр, — паклікаў Малфой, — прабачце, але з маёй рукой мне цяжка рэзаць карані стакроткі...

— Візлі, — нават не падымаючы вачэй загадаў Снэйп, — парэж карані Малфою.

Рон збарвянеў ад абурэння.

 — З тваёй рукою ўжо даўно ўсё добра, — прашыпеў ён Малфою.

Мальфой усміхнуўся яму праз стол.

— Візлі, ты хіба ня чуў прафесара Снэйпа, давай рэж.

Рон схапіў свой нож, узяў карані Малфоя і груба пачаў секчы іх на кавалкі рознага памеру.

— Прафесар, — расцягваючы словы прамовіў Малфой, — Візлі папсаваў усе мае карані.

Снэйп падыйшоў да стала, глянуў на карані, апусціўшы да стала свой нос з гарбінкай і адараваў Рона непрыемнай ўсмешкай з-пад сваіх доўгіх чорных валасоў.

— Памяняйся карэннем з Малфоем.

— Але, сэр!

Апошнія чвэрць гадзіны Рон старанна драбіў свае карані стакроткі на кавалачкі адпаведнага памеру..