Читать «Кулі» онлайн - страница 4

Джэк Лондан

А-Чо быў здаволены, што выйшаў на сонца. Ён сядзеў побач з жандарам і быў вельмі вясё-лы. Яшчэ лепш ён адчуў сябе, калі заўважыў, што яго вязуць на поўдзень, у кірунку на Атымаоно. Ясна, што Шэмэр паслаў па яго, каб вярнуць на работу. Шэмэр хоча, каб ён працаваў. Добра, ён будзе працаваць, ён будзе вельмі добра працаваць. У Шэмэра больш ня будзе прычын скардзіцца на яго.

Быў гарачы дзень. Мулы пацелі, Крушо пацеў і А-Чо пацеў. Але гэтай гарачыні А-Чо не надаваў асаблівай увагі. Ён прызвычаіўся да яе, працуючы на плянтацыі ўжо тры гады. Твар у яго быў такі вясёлы, што прыцягнуў да сябе ўвагу Крушо, які пачаў нават разважаць сваім дурным розумам пра гэта.

— Ты вельмі дзіўны, — сказаў ён урэшце.

А-Чо кіўнуў галавою і павесялеў яшчэ больш. Крушо гаварыў з ім на канакскай мове, якую А-Чо разумеў.

— Ты вельмі многа сьмяешся, — з дакорам сказаў Крушо, — табе цяпер трэба плакаць!

— Я здаволен, што выйшаў з астрогу.

— І гэта ўсё? — зьдзіўлена запытаў жандар.

— Хіба гэтага мала? — быў адказ.

— Значыцца, ты здаволены, што ў цябе адсякуць галаву?

А-Чо раптам зірнуў на яго зьдзіўлена і запытаў:

— А хіба ты мяне не вязеш у Атымаоно, дзе я буду працаваць на плянтацыі?

Крушо задумліва пагладзіў свае доўгія вусы.

— Вось як, — сказаў ён нарэшце, выцяўшы пугаю мула. — Значыцца, ты ня ведаеш?

— Што ня ведаю? — І А-Чо пачаў адчуваць трывогу. — Хіба я ня буду больш працаваць на Шэмэра?

— А ўжо, бадай, пасьля сёнешняга дню больш ня будзеш! — І Крушо моцна і шчыра засьмяяўся. Яму спадабаўся ўласны жарт. — Бачыш, пасьля сёнешняга дню ты наўрад ці зможаш працаваць. Чалавек без галавы ня можа працаваць. Як ты думаеш? — ён штурхнуў кітайца ў бок і ўсьміхнуўся.

А-Чо маўчаў на працягу добрай мілі. Затым ён сказаў:

— Хіба Шэмэр зьбіраецца адсячы маю галаву?

Крушо ўсьміхнуўся і кіўнуў галавою.

— Гэта памылка, — сур’ёзна сказаў А-Чо.

— Я — ня той кітаец, у якога трэба адсячы галаву. Я — А-Чо. Паважаны судзьдзя ўхваліў, што я буду дваццаць год на Новай Каледоніі.

Жандар засьмяяўся. — Вясёлы хлапец гэты кітаец, які думае ашукаць гільотыну.

Мулы прайшлі пальмавы лес і з паўмілі беглі ўздоўж морскага берагу.

Мора зьяла. А-Чо зноў сказаў:

— Кажу табе, што я не А-Чоў. Паважаны судзьдзя не сказаў, што ў мяне трэба адсячы галаву.

— Не палохайся, — сказаў Крушо з добрым намерам зрабіць лягчэйшымі апошнія хвіліны жыцьця свайго нявольніка, — такім спосабам лёгка памерці. —Ён пстрыкнуў пальцамі,— гэта робіцца хутка. Вось так. Гэта ня тое, што вісець на вяроўцы, дрыгаць нагамі і ў працягу пяці хвілін мяняцца ў твары. Гэта хутчэй падобна на тое, як у куранят адсякаюць галовы. Адсякуць у цябе галаву—і канец. Праўда, можа быць, нож паласкоча трохі,— хто яго ведае. Ніхто з памерлых так і не вярнуўся, каб расказаць, як гэта было.