Читать «Кулі» онлайн - страница 7

Джэк Лондан

А-Чо ў гэты час успамінаў словы з «Мірнага шляху». «Ня ідзі супроць зла»… успомніў ён, але зразумеў, што гэта сюды да яго не падыходзіць. «Даруй крыўду…» Але-ж тут няма ніякай крыўды, якую трэба дараваць. Шэмэр і ўсе іншыя робяць гэта бяз жаднай крыўды. Для іх гэта такая самая работа, як чыстка джунгляў, выкопваньне равоў для вады і догляд бавоўны. А-Чо забыў «Дзялянку мірнага шляху». Нож гільотыны хутка апусьціўся і зноў зусім разрэзаў дрэва.

— Надзвычайна добра, — гукнуў сэржант і не пасьпеў закурыць папяросу, якую трымаў у роце. Шэмэр быў вельмі здаволены.

— Ідзі сюды, А-Чоў,— сказаў ён па-таіцянску.

— Я не А-Чоў…—пачаў А-Чо.

— Маўчаць! — быў адказ. — Маўчы, а то я табе растаўку галаву!

Шэмэр пастрашыў яго кулаком, і ён змоўк. Якая карысьць пярэчыць? Усёроўна гэтыя чэрці зробяць па-свойму. Ён пакорліва даў сябе прывязаць да дошкі, даўжынёю з яго цела. Шэмэр моцна нацягнуў рамяні, так моцна, што яны з страшэнным болем урэзаліся ў цела кітайца. Але ён ня скардзіўся, бо нядоўга будзе балець. Калі дошка павярнулася ў паветры, ён заплюшчыў вочы. І ў гэты момант ён у апошні раз уявіў сабе Сад Разважаньняў і Адпачынку. Яму здалося, што дзьмухае халодны ветрык, і ў садзе чутны вельмі прыемныя гукі. Птушкі прыгожа сьпяваюць. А за высокай сьцяною чутны заглушаныя гукі вясковага жыцьця.

Потым ён адчуў, што дошка спынілася, і па напружаньню мускулаў зразумеў, што ляжыць на сьпіне. ён расплюшчыў вочы і проста перад сабою ўбачыў нож, які зьзяў на сонцы, — убачыў яшчэ прычэпленае цяжкае жалеза. Потым пачуў прарэзьлівы голас сэржанта, які аддаваў загад, — і хуценька заплюшчыў вочы. Ён хацеў бачыць, якапусьціцца нож, але адчуў яго толькі на адзін момант. У гэты момант ён успомніў Крушо і ўсё тое, што Крушо казаў. Але Крушо памыляўся. Нож не ласкатаў. А-Чо даведаўся пра гэта раней, чым страціў сьвядомасьць.