Читать «Кулі» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

Шэмэр, Кароль Шэмэр быў зьвер, ад усіх зьвяроў зьвер. Але ён добра выконваў сваю службу, і за гэта яму добра плацілі. 3500 нявольнікаў ён выціскаў усю сілу, усю працаздольнасьць, на якую яны былі здольны. Так пад канец тэрміну контракту яны ўсе былі нявольнікамі. Шэмэр шмат працаваў для таго, каб выціснуць усю сілу з гэтых 500 потных цел. Такому бязьлітаснаму абыходжаньню, галоўным чынам, спрыяла яго ўладная, жорсткая натура.

Адзін раз, гадоў тры таму назад, Шэмэр адным махам кулака забіў кулі. Ён не расьціснуў галавы кітайца, бы яйцо, — але так моцна выцяў, што ўсё нутро кітайца пераблыталася, і ён праз тыдзень памёр. Але кітайцы не паскардзіліся францускім чарцям, што панавалі ў Таіці. Яны павінны таксама сьцерагчыся гневу Шэмэра, як сьцерагуцца тысячаножак, што ціхенька шапацяць у траве і ў дажджлівыя ночы ўпаўзаюць і ў іх памяшканьні. Чынаго — так іх звалі гультаі-тубыльцы, — уважліва сачылі за тым, каб не рабіць няпрыемнасьці Шэмэру. Гэта значыла— даць яму поўную меру вытворчай працы. Забойства Шэмэрам кулі зрабіла сваю карысную справу, дало шмат тысяч даляраў кампаніі,—і ніякіх няпрыемнасьцяй з-за яго ня было.

Французы, пазбаўленыя інстынкту колёнізацыі, былі надзвычайна здаволены вялізарнымі посьпехамі ангельскай кампаніі. Не вялікая бяда, калі там Шэмэр распраўляецца кулакамі з кулі. Не вялікая бяда, калі памрэ адзін з чынаго. Бо нарэшце-ж ён толькі чынаго…

Ніяк нельга зразумець гэтых белых чарцей. А-Чо сядзеў у судовай залі і, чакаючы прысуду, разважаў. Ніяк нельга сказаць, што зьвязвае іх думку. У сваім жыцьці ён бачыў шмат белых, але ўсе яны аднолькавы: і афіцэры, і матросы на параходзе, і чыноўнікі на зямлі, і прыганятыя ў полі. Таксама і Шэмэр. Нейкія таемныя шляхі ўласьцівы іх думкам. Яны злуюцца без відавочнай прычыны, і гнеў іх заўсёды небясьпечны. З такія моманты яны падобны да дзікіх зьвяроў. Яны хвалююцца з-за глупства, ні ў чым ня ведаюць меры, шмат ядуць і яшчэ больш п’юць. Чынаго ніколі ня можа ведаць, ці будзе здаволены белы яго ўчынкам, ці абурыцца на яго. Адно ім сёньня падабаецца, а заўтра гэта-ж самае выклікае злосьць. За вачыма белых чарцей ёсьць такая заслона, якая хавае іх думкі ад наглядаў чынаго. Якія дзіўныя і незразумелыя гэтыя белыя людзі! Яны бы чэрці. Адно толькі зірні на Шэмэра…