Читать «Кулі» онлайн - страница 5

Джэк Лондан

Апошнія словы здаліся яму надзвычайна разумнымі, і з паўхвіліны ён аж заходзіўся ад сьмеху.

— Але-ж я кажу табе, што я — не А-Чоў! — сказаў кітаец. — Я ня хочу, каб у мяне адсеклі галаву.

Крушо пачаў злаваць. Дурны кітаец надта многа сабе дазваляе.

— Я — не А-Чоў…— пачаў А-Чо.

— Ну, досыць, — спыніў яго жандар. Ён надзьмуўся і зрабіў злоснае аблічча.

— Ды кажу-ж табе, што я не… — зноў пачаў гаварыць А-Чо.

— Маўчаць! — зароў Крушо.

Пасьля гэтага яны ехалі моўчкі. Ад Папіто да Атымаоно было дваццаць міль. Яны ўжо з палавіну праехалі. Кітаец асьмеліўся і сказаў:

— Я бачыў цябе ў судовай залі. Ты памятаеш, што А-Чоў, у якога трэба адсячы галаву, быў высокі. А зірні на мяне. — Ён раптам устаў, і Крушо заўважыў, што ён малога росту.

Крушо раптам уявіў сабе А-Чоў. Так, ён быў высокі. У вачох жандара ўсе чынаго здаваліся аднастойнымі. Адзін твар быў падобен да другога. Але розьніца паміж вялікім і малым была відавочная, і ён зразумеў, што не таго чалавека вязе на кару. Ён так моцна спыніў мулаў, што над імі падняўся дышаль.

— Цяпер ты бачыш, што гэта памылка, — прыемна ўсьміхаючыся, сказаў А-Чо.

Крушо задумаўся і ўжо шкадаваў, што спыніўся. Ён ня мог зразумець памылкі галоўнага судзьдзі, але добра ведаў, што не таго, каго трэба, вязе на кару. Але-ж ён павінен прывезьці ў Атымаоно таго, каго яму выдалі ў астрозе. Не вялікая бяда, калі ў гэтага адсякуць галаву. Урэшце-ж ён толькі чынаго. Ён ня можа ведаць пра думкі начальніка, — ды і хто ён такі, каб ведаць гэта?

Ён сьцебануў мулаў і паехаў далей. Зірнуў на свой гадзіньнік. Найменш ён спозьніцца на паўгадзіны, і сэржант будзе лаяцца. Ён хутчэй пагнаў мулаў. Ён добра ведаў, што вязе не таго чалавека. Настрой яго зусім сапсаваўся. Пасьля таго, калі жандар выцяў А-Чо пугаю і голасна загадаў маўчаць, — таму нічога іншага не заставалася рабіць, як маўчаць. Усю дарогу яны маўчалі. А-Чо разважаў аб дзіўных учынках белых чарцей. Іх ніяк нельга зразумець. Іх учынак з ім зьяўляецца тыповым узорам усіх іх учынкаў. Спачатку яны засудзілі 5 нявінных людзей, а потым адсякаюць галаву ў таго, каго самі-ж засудзілі толькі на дваццаць год катаргі. Што ён можа рабіць? Ён павінен толькі сядзець і спакойна чакаць вырашэньня свайго лёсу тымі, хто над ім мае поўную ўладу. Жудасна зрабілася яму, і на ўсім целе выступіў халодны пот, але ён перамог гэта. Ён імкнуўся падначаліцца свайму лёсу і пачаў успамінаць і паўтараць вядомыя радкі з «Іін-Чы-Уэн» (Дзялянка мірнага шляху), але заместа гэтага бачыў сваю неадступную мару: Сад ранішніх разважаньняў, месца спакою і адпачынку. Нарэшце ён аддаўся сваёй мары, расьсеўся ў сваім садзе і стаў прыслухоўвацца да срэбнага шэпту ветру ў дрэвах.! толькі цяпер ён успомніў строфы з «Іін-Чы-Уэну».

Такім чынам амаль што няпрыкметна і прыемна праходзіў час, аж пакуль яны дабраліся да Атымаоно, і мулы падбеглі да эшафоту, у цені якога стаяў сэржант звыразаю нецярплівасьці на твары. А-Чо хуценька ўзьлез па ўсходах на эшафот. Унізе, з левага боку, ён убачыў усіх кулі. Убачыўшы А-Чо, яны хутка і ціха пачалі паміж сабою гаварыць. Яны заўважылі памылку, але не паказалі гэтага. Пэўна, што белыя чэрці зноў зьмянілі сваю пастанову. Заместа таго, каб узяць жыцьцё аднаго нявіннага чалавека, яны бяруць жыцьцё другога нявіннага чалавека. Хіба для іх ня ўсёроўна хто — А-Чо ці А-Чоў?