Читать «Прысуд» онлайн - страница 6

Франц Кафка

У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух».

Сыноўскі пачатак атаясамліваецца ў Кафкі з бязвіннай пакутай, недаўменнем ахвяры, бацькоўскі — з тымі ўладнымі, дэспатычнымі і ірацыянальнымі формамі, у якіх праяўляюць сябе Закон, Улада. У навеле «Стук у браму» нязначны, мізэрны ўчынак дзяцей прыводзіць да катастрафічных, непапраўных наступстваў. Прыпавесць «Перад законам» распавядае пра тое, як прастадушны вясковец гадамі, да самае смерці, прачакаў каля брамы закону, не наважваючыся абмінуць суровага вартаўніка, у той час як і вартаўнік, і ўваход прызначаліся для аднаго яго.

У рамане «Працэс» процістаянне трансцэндэнтнае Законнасці і нясмелага, пасіўнага законапаслушэнства дасягае, здаецца, абсалюту. У навеле «У калоніі для зняволеных» д'ябальская, матэрыялізаваная машына пакарання перастае спраўляцца са сваімі функцыямі і развальваецца на часткі.

Бертальт Брэхт заўважыў, што Кафка прадказваў фашызм і канцлагеры. Аднак сутнасць прарочай формулы ў тым, што па ёй можна вылічыць кожную праяву дэспатыі, пагатоў тую, у якой дэспат абвяшчаецца або сам сябе абвяшчае «правадыром», «бацькам» ці нават «бацькам усіх народаў».

4

Праяваю «эдыпавага комплексу», апроч непрыязі да бацькі, лічыцца любоў да маці, што штурхае суб'екта да інцэсту. У сублімаваным выглядзе гэтае пачуццё праяўляецца ў сімпатыі да старэйшай па ўзросце жанчыны, у апяванні мацярынства і жаноцкасці. Яркі паэтычны прыклад апошняга — славуты цыкл Максіма Багдановіча «Каханне і смерць», дзе эрас, запачацце, вагітнасць, народзіны і смерць лучацца ў трагічным коле. Не займеўшы ўласнае сям'і, не пакінуўшы, як Страцім-лебедзь, па сабе нашчадкаў, Багдановіч тварыў гімн Жанчыне-маці. Ягоныя ж рэальныя, зямныя адносіны з жанчынамі сталіся напалову легендай, напалову — аб’ектам ведання лічанай колькасці біёграфаў, абмежаванага кола чытачоў вядомага «Дзенніка».

Кафка ж ва ўласных «Дзенніках» колькі разоў наракае на недасканаласць сямейнага жыцця, маючы прыкладам адносіны паміж ягонымі бацькамі. I разам з тым не хавае зайздрасці перад людзьмі, здатнымі стварыць сям’ю. Ажаніцца самому, пакінуць нашчадкаў — было, мяркуючы па запісах, адначасна і запаветнай і недасяжнай ягонай мараю.

Біеграфы Кафкі, пачынаючы ад Макса Брода, пералічваюць і характарызуюць чатырох жанчын, кожная з якіх адыграла ў Кафкавым жыцці адметную ролю,— Феліца Баўэр, Мілена Ясенская, Юлія Вохрызек, Дора Дымант. Аднак жа адносіны Кафкі ні з адной з іх не завяршыліся шлюбам. Магло падацца, што таму перашкаджалі вонкавыя абставіны. Ясенская была замужняя жанчына і не здолела разарваць адносіны з мужам. Шлюбу з Дорай актыўна процідзейнічалі ейныя бацькі-юдаісты, для якіх Кафка быў недастаткова прававерным габрэем. Адносінам з Феліцай перашкаджаў, як запэўніваў Франц, ягоны бацька.