Читать «Прысуд» онлайн - страница 4
Франц Кафка
Іншыя крытыкі даводзілі прыналежнасць Кафкі да аўстрыйскага пісьменства, даводзячы ўнутраную лучнасць Кафкавага свету з камянеючым быццем патухлай імперыі і абсбургаў (Аўстра-Венгрыі). Пра ірацыянальнасць і няўклюднасць гэтага дзяржаўнага ўтварэння досыць шмат пісалі гісторыкі. Крытыкі ж знаходзілі сляды, адбіткі ды злепкі аўстра-венгерскага дзяржаўнага дэкадансу ў «Замку», «Працэсе» ды іншых тварэннях Кафкі.
Для асобы пісьменніка заўжды існуе небяспека драбнення, атамізацыі, калі жывы і цэласны дух творчасці мусіць пераадольваць скамянелы, хаатычны масіў антыэстэтычных рэаліяў. Вынікі такой барацьбы — друз, аскепкі быцця, якія не могуць не пранікнуць у свет літаратурнага твора, пераможаныя духам творцы. Для крытыкаў у гэтым выпадку ёсць спакуса вытлумачваць мастацкі свет творцы выключна праз гэтыя аскепкі і друз. У выпадку з Кафкам мазаіка ягонага радаводу і выхавання дае ўяўную падставу лічыць яго касмапалітам, чалавекам без нацыянальнасці. Між тым нацыянальны пачатак прысутнічае ў ягоных творах — як мігатлівае, прывіднае святло. У пералівах гэтага святла заўважныя і праявы габрэйскае «сусветнае тугі» й меланхоліі, і чэшскі каларыт, і нямецкі экспрэсіянізм, і шмат чаго іншага, што правакуе да нечаканых кампаратывісцкіх вопытаў. Прыкладам, дыяспарычнае існаванне Кафкі параўнальнае з быццем Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі або Уладзіміра Жылкі — у той самай Празе.
3
Свет Кафкі, калі ўявіць ягоную прасторавую структуру, споўнены зрашчэннямі, стыкамі, вузламі, але маштаб гэтага свету вызначаны апазіцыямі — полюсамі незлучальнага. Паміж полюсамі, бы сілавое поле, нараджаецца настрой — тугі, трывогі, чакання, уціску, неўсвядомленае віны.
Надзіва бедны на падзеі жыццяпіс Кафкі надзвычай шчыльна споўнены комплексамі. Яны ўяўляюць сабою вялікі абсяг для псіхааналітычнага доследу — але тым часам і ўнікаюць яго, бо самыя таямнічыя іх бакі палягаюць у асяродку эстэтыкі.
Бо адзін з мацнейшых комплексаў, якія перажываў Кафка,— эдыпаў — столькі ж псіхалагічны, колькі й літаратурны. Адносіны Франца з бацькам маюць яскравую паралель — у сям'і Багдановічаў, дзе бацька, Адам Рыгоравіч, не толькі не ўхваляў заняткаў сына, ягоных захапленняў беларушчынай, але й наогул мала разумеў Максіма. Ажно да такой ступені, каб не прыехаць на ягонае пахаванне.
Герман Кафка галоўнай сваёй заслугай лічыў тое, што напрыканцы жыцця здолеў набыць сякі-такі прынажытак, забяспечыць сям'ю і адукаваць свайго сына на юрыста. Калі ацэньваць рэчы з пазіцыі чыстага прагматызму, гэта было якраз і немалой заслугай. Паводле гэтага ж погляду, сын мусіў паўтараць жыццёвы шлях бацькі, пільнавацца тых правілаў, якія Герман Кафка дыктаваў сваім сямейнікам.
Але ўражлівы Франц яшчэ ў дзяцінстве заўважыў, што бацька сам не заўжды пільнуецца тых правілаў, якія навязвае сямейнікам, хоць бы тых жа паводзінаў за сталом. У вачах Франца гэтыя дробязі дасягаюць велізарных памераў, перапаўняюць ягонае ўнутранае існаванне, ствараючы вобраз Бацькі — найвялікшага аўтарытэту і тырана. Пра гэта, ужо сталым чалавекам, Франц горача заявіць у «Лісце да бацькі»: «Бацька, зразумей мяне, калі ласка, слушна, само па сабе гэта абсалютна нязначныя дробязі, прыгнятаць мяне яны сталі адно таму, што Ты, надзвычай аўтарытэтны для мяне чалавек, сам не прытрымліваўся запаветаў, выканання якіх патрабаваў ад мяне. Тым самым свет дзяліўся для мяне на тры часткі: адзін свет, дзе я, нявольнік, жыў і падпарадкоўваўся законам, якія прыдуманыя толькі для мяне і якія я, невядома чаму, ніколі не змагу поўнасцю выканаць; у другім свеце, бясконца далёкім ад мяне, жыў Ты, камандуеш, загадваеш і абураешся з тае нагоды, што Твае загады не выконваюцца; і, нарэшце, трэці свет, дзе жылі астатнія людзі, шчаслівыя і вольныя ад загадаў і падпарадкавання». З цягам часу ўлада бацькі пачала ўяўляцца палонам, вырвацца з якога выглядала марным спадзяваннем, у той час як сёстры спакваля адваёўвалі ўласную незалежнасць. Франц, няздольны пакінуць бацькоўскую сям'ю, бачыў выйсце толькі ў адным — у літаратуры. Якраз у тым, што найбольш не ўхвалялася бацькам.