Читать «Прысуд» онлайн - страница 8
Франц Кафка
Ён выразна адчуваў розніцу паміж унутранай воляй, імкненнем тварыць — і тым, што гэтую волю стрымлівае, нявечыць. Адзін з атрыбутаў варожасці наваколля, знак, які ўжываў Кафка для вызначэння гэтай варожасці,— кандалы. У дзеннікавым запісе ад 15 сакавіка 1914 года ён адзначае: «За труной Дастаеўскага студэнты хацелі несці ягоныя кандалы. Ён памер у рабочым квартале, на чацвертым паверсе даходнага дома». Агульнавядомае выказванне Кафкі пра тое, што «ланцугі пакутнага чалавецтва зробленыя з канцылярскай паперы». «Кандаламі», «ланцугамі» ў ягоным уяўленні было ўсё, што звязвае творчае волевыяўленне мастака, у тым ліку служба, сямейнае жыццё, побыт, нават добраўпарадкаваны. Праявы такога побыту бачацца мастаку як штось нежывое, цяжкое, пагрозлівае.
Але, як адзначалася вышэй, рысы паміж рэальным ды ілюзорным у свеце Кафкі не існавала. I вось гэтае нежывое і цяжкое пранікае ў ягоныя творы, напаўняе ягоныя сны кашмарамі, набывае вычварныя формы, застывае ў згустках мертвага рэчыва, у выглядзе страшных, «нефункцыянальных» рэчаў. Якраз гэтыя застыглыя і раз'яднаныя кавалкі быцця робяць свет Кафкі змрочным і дыскамфортным, яны галоўным чынам і ствараюць настрой тугі, безвыходнасці і адчужанасці, які пануе ў творах. Яны надаюць гэтаму свету рысы гратэскавасці і адначасна дапамагаюць пазнаць у ім знаёмыя рэчы ў іх ператворанай якасці. Яны фармуюць непаўторны Кафкаў хранатоп.
Гэта прастора з шматлікімі калідорамі, галерэямі і сходамі, што вядуць у тупік або нікуды. Тое ж і з вулкамі, дарогамі, што могуць неспадзявана крута ўзняцца ўгару, могуць гадзінамі весці падарожнага да блізкае, здавалася, мэты, а ўрэшце яшчэ больш аддаліць ад яе. Гэтыя дарогі-вулкі робяць бессэнсоўным, невытлумачальным усялякі рух:
«Калі мы ўначы прагульваемся па вуліцы і ў наш бок бяжыць нейкі чалавек, відочны ўжо здалёк, бо вуліца перад намі ідзе ўгару, а ў небе поўня, мы не будзем спрабаваць яго схапіць, нават калі ён слабы і ўвесь у рызманах, нават калі за ім, галекаючы, бяжыць нехта яшчэ, а дазволім яму бесперашкодна бегчы далей.
Бо цяпер ноч, і не з нашае віны вуліца ў ззянні поўні ідзе перад намі ўгару; ну і, апроч таго, мажліва, што абодва гэтыя чалавекі ганяюцца адзін за адным дзеля сваёй забавы; а можа, абодва яны гоняцца за некім трэцім; мажліва, што за першым гоняцца, а ён і не вінаваты; мажліва, што другі хоча забіць першага — і тады мы зробімся саўдзельнікамі злачынства; мажліва таксама, што гэтыя двое нічога адзін пра аднаго і не ведаюць і кожны бяжыць сам сабе, каб адно хутчэй дабрацца да свайго ложка; а можа, гэта лунацікі; можа, той першы — узброены.
А ўрэшце, ці не маем мы права адчуваць стому, ці не выпілі мы шмат віна? Нам усцешна, што ўжо і той другі чалавек знік з нашых вачэй» («Прабяганне людзей»).