Читать «Прысуд» онлайн - страница 7
Франц Кафка
Але галоўнымі былі, безумоўна, унутраныя, супярэчлівыя жаданні самога Кафкі. У дачыненні да жаніцьбы ў ім існавала знаёмая нам апазіцыйнасць пагляду: з аднаго боку, ён глядзеў на шлюб як на адзіны спосаб уратавання ад адзіноты і дыскамфортнасці, з іншага — не мог ахвяраваць сваёй адзінотаю як найвялікшай каштоўнасцю: «Я шмат часу павінен быць адзін. Усё, што я зрабіў,— плён аднае адзіноты». З усіх контрдовадаў супраць жаніцьбы найгалоўны ў Кафкі — той, што яна можа перашкодзіць ягоным літаратурным заняткам. «Я ненавіджу ўсё, што не мае дачынення да літаратуры, мне сумна весці размовы (нават пра літаратуру), мне сумна хадзіць у госці, нягоды і радасці маіх родзічаў мне надзвычай сумныя. Размовы пазбаўляюць усе мае думкі значнасці, паважнасці, сапраўднасці» (з «Дзеннікаў»).
Боязь coitus, у чым шчыра прызнаецца аўтар, ёсць боязь здрадзіць літаратуры. Мажлівасці апяваць фізічнае каханне ў літаратуры, як гэта рабіў Багдановіч, для Кафкі не існуе. Самая «інтымная» сцэна з ягонае прозы — каханне К. і Фрыды з «Замка» — надзвычай малаэстэтычная (убогі інтэр’ер, калюжына пралітага піва пад нагамі, беднасць лексікі, фарбаў, эмоцыяў).
гэта паэтычнае прызнанне хворага на сухоты Багдановіча. Кафку (які таксама пакутаваў на сухоты) быў абсалютна чужы матыў геданізму ў літаратуры. Адзінае моцнае пачуццё, якому ён мог аддацца дарэшты, было эрасам самае літаратуры.
5
Дзень службоўца страхавой канторы Франца Кафкі дзяліўся нябачнай рысаю на дзве часткі. У першай ён, як і ягоны «двайнік» Рыгор Замза, старанна выконваў службовыя абавязкі, даручэнні, трапятаў перад начальствам, хоць і мог дазволіць сабе нечаканыя штукарствы, на якія, аднак, ніхто не звяртаў такой вялікай увагі, як ён сам. Пасля службы, а другой гадзіне апоўдні, ён варочаўся дахаты і клаўся спаць. Увечары былы службовец перажываў ператварэнне — ён паглыбляўся ў свет, дзе былі кнігі, пісьмовы стол, рукапісы. Ён пісаў гадзінамі, дазваляючы сабе пад самую раніцу кароткі сон. Часам сну не было наогул. А часам ява пераходзіла ў сон гэтаксама незаўважна, як гэта адбывалася з насельнікамі ягоных твораў. Даходзіла да таго, што некаторыя рэчы мроіліся яму наяве.
Гэткі самы незаўважны пераход явы ў сон — у «Ператварэнні», «Вясковым лекары», «Выкрыцці махляра», «Вершніку на скрыні» і дзесятках іншых навелаў, абразкоў, прыпавесцяў Кафкі. Большасць ягоных твораў, як адзначалася, створаны паводле паэтыкі сну-бачання. Але гэта не проста занатаваныя сны, як лічаць некаторыя. Занатоўваць — значыць, адчуваць рысу паміж рэальным ды ірэальным. У свеце Кафкі такой рысы не існуе.