Читать «Прысуд» онлайн - страница 5

Франц Кафка

Вонкава ён працягваў жыць «паводле правілаў»: наведваў службу — страхавое агенцтва, выказваў пачцівасць да бацькі, але жыў літаратураю. Больш таго: ён пачаў чытаць услых сваё творы, не зважаючы на бацькоўскую незадаволенасць, прыносіць паасобнікі сваіх першых кніг, якія бацька не чытаў.

Навошта было так рабіць? Франц падносіў свае творы з патаемнай надзеяй, што бацька прачытае ў іх праўду пра сябе: самаўпэўнены ж і эмацыянальна абмежаваны Герман нават не падазраваў пра тое.

Бо «эдыпаў комплекс» пацярпеў у гэтых творах значную трансфармацыю: ён сублімаваўся ў адцягненую ідэю «бацькоўства» як дэспатычнага, жорсткага, варожага пачатку. Гэтая ідэя пашыралася ў творчасці Кафкі накшталт канцэнтрычных колаў, захопліваючы ўсё больш значны абшар. У цэнтры ж знаходзіцца ўжо згаданы «Ліст да бацькі», дзе адносіны паміж Францам і Германам Кафкамі выглядаюць такімі, якімі іх бачыў сын, у жорсткіх, адназначных характарыстыках.

«Ліст...» пісаўся на бяспечнай адлегласці ад бацькоўскага дому — у Багеміі. Але гэтак і застаўся не адпраўлены.

Максім Багдановіч, які не менш за Кафку перажываў дысгармонію адносінаў з бацькам, свой апошні, адчайны ліст адправіў з Ялты, перад самай смерцю. У ім скаргі на хваробу, на кепскі фізічны стан; сублімаваныя ж любоў-непрыязь — хіба што ў самым пачатку ліста: «...Здароў, стары верабей. Маладому вераб'ю блага». I гэта, бадай, усё. Ані ў лірыцы, ані ў іншых рэчах, напісаных рукой Багдановіча, няма выразных праяваў «эдыпавага комплексу».

У Кафкі боязь тыранічнага Бацькі прасяквае ўсю літаратурную прастору.

Навела «Прысуд» паўтарае амаль тыя ж абвінавачванні, што змяшчаліся ў «Лісце...». Састарэлы, фізічна нямоглы Бацька ў гэтым творы выяўляе тыя самыя тыранію, падазронасць і капрызлівасць. Але, у адпаведнасці з прынцыпам сну-бачання, бацькоўскае самавольства мае гіпербалізаваны і ірацыянальны характар. Гэтаксама як пасіўны супраціў і ўдаванае паслушэнства сына. Сямейная сутычка абарочваецца алагічным вырокам, які выносіць бацька: «Уласна, ты быў бязвіннае дзіцё, але, яшчэ больш, уласна, ты быў д'ябальскі чалавек! I таму ведай: я асуджаю цябе на смерць праз утапленне!» Пачцівы і паслухмяны сын, Георг Бэндэман сам прыводзіць да выканання бацькоўскі прысуд: «Ён выскачыў з дзвярэй; нейкая сіла гнала яго праз вуліцу да вады. Ён ужо трымаўся моцна за парэнчы, як галодны чалавек за харчы. Ён перакінуў цераз іх ногі, як знакаміты гімнаст, якім ён — гэтым ганарыліся бацькі — быў у маладыя гады. Ён яшчэ трымаўся слабеючымі далоньмі, згледзеў паміж штангамі парэнчаў нейкі аўтобус, які з лёгкасцю заглушыў бы гук ад яго падзення, і ціха ўсклікнуў: «Дарагія бацькі, я ўсё-ткі вас любіў»,— і рынуўся долу.