Читать «Прысуд» онлайн - страница 142

Франц Кафка

Усе песні і паданні, што нарадзіліся ў гэтым горадзе, перапоўненыя тугой па тым напраракаваным дні, калі агромністы кулак разаб'е горад ушчэнт пяццю магутнымі ўдарамі. Менавіта таму на гарадскім гербе мы бачым кулак.

1920

АБ ПРЫПАВЕСЦЯХ

Шмат хто скардзіцца, што словы мудрацоў — гэта адно толькі прыпавесці; ды ім немагчыма знайсці ўжытак у штодзённым жыцці; а толькі ж яно нам і дадзенае. Калі мудрэц кажа: «Ідзі на другі бок»,— дык ён зусім не мае на ўвазе тое, што трэба ісці на другі бок, на што можна, як бы там ні было, адважыцца, калі таго вартая мэта руху; але ж ён мае на ўвазе нейкі легендарны «другі бок», якога мы не ведаем і які ён і сам дакладней апісаць не можа; і гэта нам тут нізвання не можа дапамагчы. Усе гэтыя прыпавесці, уласна кажучы, хочуць сцвердзіць, што немагчыма спасцігнуць неспасцігальнае,— але ж пра гэта мы ведалі і так. А тое, чым мы займаемся штодня,— зусім іншая рэч.

Нехта прамовіў: «Чаму вы сябе абараняеце? Калі б вы падпарадкаваліся прыпавесцям, вы б самі зрабіліся прыпавесцю, а гэта б вызваліла вас ад штодзённай пакуты».

Іншы сказаў: «Б'юся аб заклад што і гэта — таксама прыпавесць».

Першы сказаў: «Ты выйграў».

Другі сказаў: «На жаль, аднак, толькі ў прыпавесці».

Першы сказаў: «Не, у сапраўднасці. У прыпавесці ты прайграў».

1920(?)

1

Cirquito aereo (італ.) — авіяцыйная пляцоўка.