Читать «Прысуд» онлайн - страница 3

Франц Кафка

Пры ўсім сваім універсалізме свет Кафкі унікальны, узнаўленне якога навекі застанецца ўлюбеным заняткам кафказнаўцаў, які можна параўнаць з гульнёй у літаратурныя перліны або з працай археолагаў, што перабіраюць ашкалепкі, друз загінуўшых рэчаў, мяркуючы ажывіць душу мінулага часу.

2

Прага, 3 ліпеня 1883 года — у Германа і Юліі Кафкаў нараджаецца сын, якога наракаюць Францам. Адгэтуль — ад нараджэння і радаводу — бярэ пачатак шыфр, да гэтага часу да канца не расчытаны. Для літаратурных ідэнтыфікатараў феномен Кафкі — больш складаная задача, чым феномен Адама Міцкевіча або Джэймса Джойса. Да якой нацыянальнай літаратуры належыць творчасць гэтага пісьменніка?

Габрэйскае дзіця, унук вясковага разніка, сын гандляра, у поўнай ступені надзелены комплексам «сусветнае тугі», якая трансфармуецца затым ва універсальную самоту і адчужанасць. Але габрэй непаслядоўны, адначасна зараджаны і захапленнем, і скепсісам у дачыненні да праблемаў іудаізму ды габрэйства, дзеля чаго ва ўласным асяроддзі выглядае амаль што гоем.

Тубылец Чэхіі, які не цураўся ані зямлі, ані мовы народа, што даў свету Гуса і Гашака. Шырока вядомае выказванне Кафкі пра мову: «Я ніколі не жыў сярод немцаў, нямецкая — мая родная мова, таму для мяне яна натуральней, але чэшская мне значна мілей». Анямечанае прозвішча пісьменніка ў сапраўднасці павінна гучаць па-чэшску як «Kavka» і азначаць тое ж, што па-беларуску «каўка» — буйная чорная і панурая птушка з сямейства крумкачовых.

I разам з тым мова выхавання, адукацыі, творчасці — нямецкая. Збольшага нямецкамоўны кантэкст тае літаратуры і філасофіі, які спасцігаў будучы літаратар. У гэтай жа мове ён знаходзіў словы і ідыёмы, якіх не знайшоў бы ні ў якой іншай,— для замацавання ў літуратуры скамянелых, шаблонных рэаліяў, звязаных з Канцылярыяй, Судом, бюракратычнай Уладаю. У гэтай самай мове Кафка шукаў цьмяных, халаднаватых промняў, якія б асвятлілі створаны ім няўтульны свет.

Крытыкі спрабавалі ўключыць Кафку ў шэраг нямецкамоўных пражскіх пісьменнікаў, такіх, як Верфель, Брод, Рыльке, Мейрынк. Але і ў гэтым асяродку Кафка — самотны, паяднаны з адным-двума аўтарамі таварыскімі адносінамі, з іншымі — хіба што моваю і дыяспарычным спосабам духоўнага існавання.