Читать «Прысуд» онлайн - страница 2

Франц Кафка

Гідлівасць, з якой сямейнікі сузіраюць знявечанае цела Замзы, і нелюбоў да ўласнае фізічнае істоты Кафкі — праявы аднаго пачуцця адчужанасці, аднаго комплексу, які праяўляўся ў падсвядомым імкненні да суіцыду, самазнішчэння. Тое, што Кафка не наважыўся зрабіць з уласным целам, ён прызначыў для сваіх рукапісаў, дзённікаў, накідаў незавершаных твораў, якія бачыліся ім як частка сваёй жа істоты. Ці не замахам на суіцыд выглядае славуты тастамант Кафкі, які ён, прадчуваючы смерць, адрасаваў сябру, літаратару Максу Броду?

«...З усяго, што я напісаў, сапраўдныя толькі кнігі: «Прысуд», «Качагар», «Ператварэнне», «У калоніі для зняволеных», «Вясковы лекар» і навела «Галадамор». ...Калі я кажу, што тыя пяць кніг і навела сапраўдныя, я не маю на ўвазе, што жадаю, каб яны перавыдаваліся і захоўваліся на будучыя часы, наадварот, калі яны цалкам згубяцца, гэта будзе адпавядаць майму сапраўднаму жаданню. Я адно нікому не замінаю, калі яны ўжо маюцца, захаваць іх так, як хочацца.

Усё ж астатняе з напісанага мною (апублікаванае ў газетах, рукапісы або лісты) без выключэння, наколькі гэта магчыма здабыць або выпрасіць у адрасатаў... усё гэта без выключэння, лепш за ўсё нячытанае (я не забараняю табе зазірнуць туды, але мне, вядома, было б прыемней, каб ты не рабіў гэтага, прынамсі, ніхто іншы не павінен зазіраць туды),— усё гэта без выключэння павінна быць спалена, і зрабіць гэта я прашу цябе як мага хутчэй.

Франц».

Тое, што адбылося пасля, засведчыла неаспрэчную ісціну: рукапісы не гараць.

Макс Брод не паслухаўся сябра і захаваў напісанае ім. Больш таго, ён выдаў бадай усё, што засталося пасля Кафкі. У тым ліку тры незавершаныя раманы: «Працэс» — у 1925 годзе, «Замак» — у 1926, «Амерыка» — у 1927.

Здарылася тое, што даследчыкі называюць другім жыццём Кафкі, кафкаўскім бумам або рэнесансам, хвалі якога прыпадаюць на 1940-я і наступныя дзесяцігоддзі. Кажуць і пра сатворчасць «апостала кафкіянізму» — Макса Брода, не толькі сябра і выдаўца, але і тлумачальніка Кафкі. Брод паклаў пачатак апантанай міфатворчасці вакол гэтага імені, да якога спрычыніліся прадстаўнікі бадай усіх палітычных, ідэалагічных, філасофскіх, культуралагічных, літаратурных накірункаў, плыняў, школ, ад артадаксальнага марксізму да экзістэнцыялізму і постмадэрнізму. Ці не таму, што, паяднаўшы свой унутраны свет з літаратурай, Кафка змусіў зрабіць падобную аперацыю кожнага з сваіх чытачоў? На момант адчуць сябе жамярынаю накшталт Рыгора Замзы або дрэвам, як у аднайменным абразку: «Бо мы — не раўнуючы як пні, што засталіся ад дрэваў у снезе. Здаецца, што яны ляжаць на паверхні: пхні нагой — і яны пакоцяцца прэч. Ды не, гэтага не будзе, бо яны моцна сядзяць у зямлі. Але, паглядзі, і гэта ўсё толькі здаецца».