Читать «Прысуд» онлайн - страница 135
Франц Кафка
Вочы ў яго былі моцна заплюшчаныя. Калі я змоўк, ён засунуў абедзве рукі сабе ў рот і стаў ірваць сябе за ніжнюю сківіцу. Яго вопратка была ўся забруджаная. Яго, відаць, выкінулі з нейкага шынка, і ён яшчэ таго як след не ўсвядоміў.
Гэта была, пэўна, тая маленькая і зусім спакойная паўза паміж днём і ноччу, калі, нечакана для нас саміх, наша галава даганяе нас і калі ўсё, незаўважна для нас, спыняецца, бо мы таго не можам разгледзець, а потым знікае. У той час калі мы застаемся адны з сагнутым тулавам, а пасля азіраемся, але болей нічога не бачым і таксама болей не адчуваем супраціўлення паветра, але ўнутры сябе захоўваем успамін, што на пэўнай адлегласці ад нас стаяць дамы з дахамі і вуглаватымі, на шчасце, комінамі, праз якія дамы запаўняе цемра, пранікаючы цераз гарышчы ў самыя розныя пакоі. I шчасце яшчэ, што заўтра будзе дзень, у які — неверагодна, але факт — будзе ўсё відаць.
Тут п'яны ўзняў бровы — гэтак што паміж імі і вачыма ўзнік бляск — і растлумачыў з расстаноўкаю: «Гэта, уласна... я, уласна, сонны, таму я пайду спаць... У мяне, уласна, ёсць швагер на Вацлававым пляцы... туды я пайду, бо там жыву, бо там мой ложак... Зараз я пайду... Я, уласна, не ведаю толькі, як яго завуць і дзе ён жыве... мне здаецца, я гэта забыў... але нічога, нічога, бо я ж нават не ведаю, ці ў мяне ўвогуле ёсць швагер... Зараз, уласна, я пайду... Як вы думаеце, ці знайду я яго, ці не?»
На гэта я адказаў не задумваючыся: «Напэўна ж. Але вы прыбылі з чужыны, і ваша прыслуга выпадкова не пры вас. Дазвольце, я вас правяду».
Ён не адказваў. Тут я працягнуў яму сваю руку, каб ён мог на яе абаперціся.
ВЕРШНІК НА СКРЫНІ
Увесь вугаль спалены, скрыня парожняя, шуфель непатрэбны, халоднае дыханне печы, пакой, выдзьмуты холадам, за акном застылыя ў шэрані дрэвы, неба — срэбны шчыт, абарона ад таго, хто прагне дапамогі. Мне трэба трохі вугалю: не замярзаць жа насмерць; за маёй спінай бязлітасная печ, перад вачыма — гэткае самае неба; якраз таму я мушу імчаць наўскапыта паміж імі і, спыніўшыся пасярэдзіне, прасіць дапамогі ў гандляра-вугальшчыка. Да маіх звыклых просьбаў ён, аднак, ужо зусім абыякавы, я павінен яму давесці, пераканаць яго, што ў мяне ўжо больш няма ані драбінкі вугалю і што адно з гэтае прычыны ён — гэта мае сонца на небе. Я мушу прыйсці як жабрак, які, хрыпла стогнучы з голаду, канае пад парогам багатай сядзібы і якому гаспадарова кухарка ўсё-такі наважваецца адліць трохі з рэшткаў вячэрняе кавы,— гэтаксама і вугальны гандляр, раззлаваны, але памятаючы пра «не забі», ён павінен укінуць мне ў скрыню шуфель-другі.
Вырашыць усё можа тое, як я з'яўлюся, таму я еду верхам на скрыні. Асядлаўшы скрыню, рукою ўверсе трымаючыся за ручку — самую простую лейчыну,— я з цяжкасцю ссоўваюся па сходах уніз, але на вуліцы скрыня мая паднімаецца ўгару; цудоўна, цудоўна! Вярблюды пад павадыровым кіем не змаглі б прыгажэй устаць з зямлі. Па прамерзлым завулку імчу роўнаю рыссю, раз-пораз узлятаючы да другога паверха і ні разу не зніжаючыся да дзвярэй. I найвышэй я ўзлятаю перад скляпеннем гандляровай піўніцы, дзе ён вунь якраз прысеў каля невялічкага стала і нешта сабе піша; а каб уседзець у гэтай гарачыні, нават адчыніў дзверы.