Читать «Прысуд» онлайн - страница 133

Франц Кафка

Зусім знішчаны, я адказаў:

— Гісторыя, якую вы раней распавялі пра вашую шаноўную маці і тую жанчыну ў садзе, мне ані не здаецца дзіўнаю. I не таму, што я чуў шмат падобных гісторый і быў іх сведкам — нават калі-нікалі ўдзельнічаў у іх. Тут усё натуральна. Вы думаеце, калі б я стаяў там на балконе, хіба я б не сказаў тое самае ці гэтаксама не адказаў бы з саду? Зусім звычайны выпадак.

Пасля гэтых маіх слоў ён, здаецца, адчуваў сябе шчаслівым. Ён сказаў, што я добра апрануты і што яму вельмі падабаецца мой гальштук. I яшчэ — што ў мяне прыгожы колер твару. А прызнанні робяцца зусім зразумелыя, калі іх абвяргаюць.

1909(?)

РАЗМОВА З П'ЯНЫМ

Калі я малымі крокамі выйшаў з брамы дома, на мяне наваліліся з нябёсаў месяц і зоркі, і вялікае скляпенне, а таксама круглы пляц з ратушай, Марыінскай калонаю ды царквою.

Я спакойна выйшаў з ценю пад месячнае святло, расшпіліў плашч і сагрэўся, пасля, узняўшы рукі, супакоіў шум начы і пачаў раздумваць:

«Што ж гэта такое — тое, што вы робіце, нібыта вы сапраўдныя? Ці вы хочаце змусіць мяне паверыць, што несапраўдны — я, гэтак смешна стоячы на зялёным бруку?.. Але ж гэта было ўжо так даўно, што ты, неба, было сапраўднае, а ты, круглы пляц, сапраўдным не быў ніколі.

Што ж, гэта праўда, што вы ўсё яшчэ маеце перавагу нада мною; але ж толькі тады, калі я пакідаю вас у спакоі.

Дзякуй Богу, Месяц, ты ўжо болей не месяц, але, можа, гэта нядбайнасць з майго боку, што я ўсё яшчэ называю цябе Месяцам. Чаму ў табе болей няма гэткай пыхі, калі я цябе называю «забытай папяровай ліхтарняй дзіўнаватага колеру». І чаму ты амаль адступаеш, калі я называю цябе Марыінскай калонаю, і я не пазнаю болей тваёй пагрозлівай стойкі, Марыінская калона, калі называю цябе «месяцам, што свеціць жоўтым святлом».

Цяпер здаецца праўдзівым, што вам не ідзе на карысць, калі пра вас думаюць; у вас застаецца менш адвагі ды здароўя.

Божа, наколькі гэта павінна быць карысным, калі чалавек, які думае, вучыцца ў п'янага!

Чаму ўсё сцішылася... Мяркую, што больш няма ніякага ветру. I дамкі, што часцяком, нібы на маленькіх колах, коцяцца цераз пляц, зусім моцна ўтрамбаваныя... Ціха... Ціха... Не відаць нават тонкае чорнае паласы, што звычайна аддзяляе іх ад зямлі».

I я пусціўся бегчы. Тры разы бесперашкодна я аббег вакол вялікага пляца і, паколькі не напаткаў ніводнага п’янага, памчаўся, не збаўляючы хуткасці і не адчуваючы лішняе напружанасці, у бок Карлавай вуліцы. Мой цень, часта меншы за мяне, бег побач са мною па сцяне, як па шчыліне паміж муром і пакрыццём вуліцы.

Калі я праходзіў паўз будынак пажарнай варты, то пачуў шум з боку Малога кальца; збочыўшы туды, я ўбачыў п’янага, які стаяў каля кратаў студні, трымаючы гарызантальна рукі і тупаючы па зямлі нагамі з насунутымі на іх драўлянымі пантофлямі.

Напачатку я спыніўся, каб даць супакоіцца свайму дыханню, пасля падышоў да п’янага, зняў з галавы свой цыліндр і распавёў пра сябе: