Читать «Прысуд» онлайн - страница 137
Франц Кафка
— Злюка! — крычу я кабеціне, адыходзячы ад яе, але ў тую самую хвілю, калі яна, ужо вяртаючыся ў сваю краму, трохі пагардліва і трохі задаволена махае рукою ў паветры.— ...ты, злюка! Я прасіў адзін шуфель самага дрэннага, а ты не дала.— I з гэтымі словамі я ўзношуся да ледзяных гор і знікаю на векі вечныя.
З ПАСМЯРОТНА АПУБЛІКАВАНЫХ ТВОРАЎ
Мост
Я быў здранцвелы і халодны; быў мостам. Я вісеў над прорваю. З гэтага боку трымалі ўкручаныя пальцы ног, з другога трымалі рукі; я моцна ўгрызся ў крохкую гліну. Крысы майго сурдута развяваліся па баках. Глыбока ўнізе шумеў ледзяны ручай, поўны стронгаў. Ніводзін турыст не заблукаў на гэтую недаступную вышыню, мост не быў яшчэ пазначаны на карце. Вось гэтак я вісеў і чакаў, мусіў чакаць. Адзін раз пабудаваны мост, калі не абрынецца, не перастае быць мостам.
Аднойчы пад вечар — ці то быў першы, ці тысячны, не ведаю — мае думкі бязладна кружлялі. Летнім надвячоркам, калі шум ручая рабіўся ўсё змрачнейшы, я ўчуў мужчынскія крокі! Да мяне, да мяне. Выцягніся, мосце; будзь гатовая, бэлька без парэнчаў, утрымай таго, каго табе даверылі. Выпраў незаўважна няўпэўненасць яго хады; калі ж ён захістаецца, дай яму пазнаць сябе і, як горны бог, скінь яго на зямлю.
Ён прыйшоў, абстукаў мяне жалезным аканечнікам свайго кійка, потым узняў крысы майго сурдута і расправіў іх на мне. Канец кійка ён усунуў у мае кусцістыя валасы і надоўга пакінуў яго там, дзіка азіраючыся наўкола. Але пасля — мне якраз здавалася, што ён ужо за гарамі ды за лясамі — ён скочыў абедзвюма нагамі акурат на сярэдзіну майго цела. Я здрыгануўся ад нечаканага болю і нічога не ведаў. Хто гэта быў? Дзіця? Сон? Разбойнік? Самазабойца? Спакуснік? Вынішчальнік? Я адвярнуўся, каб яго ўбачыць. Мост перакульваецца! Не паспеўшы яшчэ адвярнуцца, я ўжо абрынуўся і быў ужо разгублены і насаджаны на вострыя каменьчыкі, што так спакойна ўзіраліся ў мяне з шалёна-бурлівай вады.
СТУК У БРАМУ
Гэта было ўлетку, спякотным днём. Ідучы дамоў разам з сястрою, мы якраз праміналі нечую вялізную браму. Не ведаю — ці то каб трохі пасваволіць, ці то з рассеянасці,— але сястра ляпнула кулаком па палавінцы брамы, а можа, толькі пагразіла кулаком і ніякага стуку не было. Сто крокаў далей, там, дзе прасёлак рабіў крук улева, пачыналася вёска. Якая — мы не ведалі, але калі прайшлі паўз першую хату, насустрач нам выйшлі людзі: яны махалі нам рукамі — прыязна альбо з перасцярогаю,— самі напалоханыя, прыціснутыя цяжарам страху. Яны ўсё паказвалі на двор, паўз які мы былі прайшлі, і нагадвалі пра той стук у браму. Маўляў, гаспадары будуць скардзіцца на нас у суд, зараз пачнецца следства. Ды я заставаўся вельмі спакойны і сказаў сястры, каб яна надта не палохалася. Яна ж, відаць, зусім і не стукала па той браме, а калі й стукала, дык ніхто на свеце давесці гэтага не здолее. Я паспрабаваў растлумачыць усё тым людзям — яны слухалі мяне, але нічога не казалі. Пасля ўсё ж выказаліся: вінаваціць за гэты ўчынак будуць не толькі маю сястру, але і мяне самога — як яе брата. Я, усміхаючыся, згодна заківаў галавою. Тут мы ўсе разам азірнуліся і паглядзелі на той самы двор, як глядзяць на далёкія клубы дыму, чакаючы, што вось-вось пыхне полымя. Так яно і было: неўзабаве мы ўбачылі, як праз шырока расчыненую браму праехалі коннікі. Клубом узвіўся пыл, пад ім схавалася амаль усё — толькі блішчалі вострыя аканечнікі дзідаў. I не паспеў яшчэ той ланцуг знікнуць увесь за брамаю, як, здаецца, коннікі ўжо завярнулі назад і былі па дарозе ў наш бок. Я сказаў сястры, каб яна сышла куды-небудзь, прыхавалася: маўляў, сам з імі разбяруся. Яна не схацела пакідаць мяне аднаго. Тады я сказаў, што ёй трэба хоць бы пераадзецца, памяняць сукенку, каб выглядаць перад тымі панамі больш выгодна. Урэшце яна згадзілася і неўзабаве рушыла ў няблізкую дарогу дадому. Тым часам коннікі ўжо пад’ехалі да мяне і яшчэ на хаду спыталіся пра сястру. «Пакуль што яе няма,— адказаў я спалохана,— але пазней яна прыйдзе». Яны выслухалі мяне амаль абыякава: ім, здаецца, было важна тое, што яны знайшлі мяне. Камандавалі тут найбольш двое паноў: суддзя, малады і рухавы мужчына, а таксама ягоны ціхманы памочнік, якога называлі Асманам. Мне было загадана ісці ў хату. Нізка схіліўшы галаву, соўгаючы пальцамі сюды-туды па шлейках, я паволі рушыў з месца. Мне ўсё яшчэ трохі верылася, што будзе даволі аднаго слова, каб мяне, гараджаніна, пусцілі (можа, нават з пашанотаю) гэтыя вяскоўцы. Але не паспеў я пераступіць парога ў хату, як суддзя, які быў праціснуўся туды раней і ўжо чакаў мяне, сказаў: «Мне шкада гэтага чалавека». Не варта было й сумнявацца, што ён, кажучы гэта, меў на ўвазе не маё цяперашняе становішча, а тое, што мяне яшчэ чакала. Хаціна, дзе я апынуўся, была больш падобная да турэмнае цэлі, чым да сялянскай хаты. Вялізныя каменныя пліты, цёмная і зусім голая сцяна, умураванае ў яе жалезнае кальцо, недзе ўсярэдзіне — збудаванне, якое нагадвала ці то нары, ці то аперацыйны стол.