Читать «Прысуд» онлайн - страница 134
Франц Кафка
«Добры вечар, высокашляхетны чалавеча; мне дваццаць тры гады, але ў мяне ўсё яшчэ няма ніякага імя. Вы, аднак, напэўна, прыбылі з такім дзіўным, ды нават спеўным, імем з гэтага вялікага горада Парыжа. Зусім натуральны пах хісткага французскага двара атачае вас.
Вядома, што вы сваімі нафарбаванымі вачыма бачылі тых вялікіх дам, якія ўжо стаяць на высокай і светлай тэрасе, іранічна паварочваючыся сваімі тонкімі таліямі, у той час калі канцы іх распісаных і таксама разасланых па сходах шлейфаў яшчэ ляжаць на пяску ў садзе... Ці не праўда: на доўгія жэрдкі, раскладзеныя паўсюдна, становяцца служкі ў пакроеных з выклікам фраках і белых нагавіцах; прыставіўшы ногі да жэрдак, але адхіліўшыся тулавамі назад і ўбок, стаяць яны, бо мусяць падымаць з зямлі на вяроўках агромністыя шэрыя грубыя палотнішчы, бо вялікая дама жадае мець імглістае ранне». Паколькі ён пачаў адрыгваць, я амаль спалохана сказаў: «Ці вы напраўду, шаноўны спадар, прыбылі з нашага Парыжа, з нашага бурнага Парыжа — ах, з гэтай мройлівай градабойнай непагоды? — Калі ён адрыгнуў ізноў, я збянтэжана прамовіў: — Ведаю, мне выпадае вялікі гонар». I хуткімі рухамі пальцаў я зашпіліў свой плашч, а пасля прамаўляў палка і нерашуча:
«Я ведаю, вы не лічыце мяне вартым вашага адказу, але я мусіў бы жыць у слязах, калі б сёння вас не распытаў.
Я прашу вас, гэтак аздоблены пане, скажыце, ці праўда тое, што мне расказвалі. Ці ёсць у Парыжы людзі, якія складаюцца адно з аздобленых вопратак; і ці ёсць там будынкі, што маюць адныя парталы; і ці праўда тое, што нядзельнымі днямі неба ўцякае ў блакіт, а яго аздабляюць толькі ўпрасаваныя ў яго хмаркі, кожная з якіх мае форму сэрца? I ці ёсць там музей-паноптыкум з вялікай колькасцю людзей, у якім стаяць толькі дрэвы з імёнамі самых славутых герояў, злачынцаў і закаханых, імёнамі, якія накрэслены на падвешаных там шыльдачках? I тут яшчэ гэтае паведамленне! Гэтае відавочна хлуслівае паведамленне!
Тыя парыжскія вуліцы раптоўна разгаліноўваюцца, ці не так? Яны неспакойныя, ці не праўда? Не заўсёды там усё ў парадку, як гэта ўвогуле можа быць! Здараецца аднаго разу няшчасны выпадак; людзі збіраюцца, ідучы з бакавых вуліц крокамі жыхароў вялікага места; пры гэтых кроках іх ногі ледзьве дакранаюцца да бруку; усе хоць і ахопленыя цікаўнасцю, але адначасна і страхам перад магчымым расчараваннем; яны хутка дыхаюць і выцягваюць уперад свае маленькія галовы. Але калі яны дакранаюцца адно да аднаго, дык узаемна раскланьваюцца і просяць прабачэння: «Мне вельмі шкада... гэта атрымалася незнарок... штурханіна вялікая, даруйце мне, прашу вас... з майго боку то было надта няўклюдна... я згодны. Мяне завуць... мяне завуць Жэром Фарош... я ўладальнік бакалейнай крамы на Ру дэ Кабатэн... дазвольце мне запрасіць вас назаўтра на абед... і мая жонка была б вельмі радая». Гэтак жа яно ёсць. I калі б было мажліва, аднойчы там бы на ажыўленым бульвары саліднага квартала спыніліся дзве павозкі. Служкі сур'ёзна адчыняюць дзверы. Восем высакародных сібірскіх ваўкарэзаў прытупваюць ды з брэхам ляцяць вялікімі скачкамі цераз праезджую частку. I тут пачынаюць казаць, што гэта — пераапранутыя маладыя парыжскія франты».