Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 4
Уладзімір Бутрамееў
Iзяслаў. Грэчаскія цары сілу бацькаву пачулі. Словам, прэсвітэр, вялікі кіеўскі князь па-ранейшаму пасылае суседзям сваю волю.
Апанасій. Ва ўсім промысел божы.
Ізяслаў. Так, прэсвітэр, багі маюць над намі вялікую сілу, таксама як сонца, месяц і зоркі.
Апанасій. Вы, язычнікі, пагразлі цалкам у забабонах, у прымхах, адным словам, у паганстве. Трэба вам новага Бога.
Iзяслаў. Багі, прэсвітэр, аказваецца, таксама не вечныя. Пакуль што вечныя сонца, месяц, зоркі...
Апанасій. Да канца не хочаш, княжыч, даслухаць?
Ізяслаў. Дык яно ўсё і так зразумела. Вялікі князь прыняў у Корсуне новую веру...
Апанасій. Таксама не без промыслу божага. Захварэлі ў твайго бацькі вочы. Не стаў бачыць нічога. Пакутаваў моцна, перажываў, ужо адчайвацца стаў. I тут яму зноў пачалі раіць: калі хочаш пазбавіцца ад хваробы, хрысціся!
Iзяслаў. Заганялі, як у нерат.
Апанасій. Паслухаўся Уладзімір парады, згадзіўся нарэшце прыняць хрышчэнне. I калі біскуп корсунскі паклаў руку на яго, стаў вялікі князь зноў відушчы!
Iзяслаў. Мы тут, у Ізяславе, чулі пра яго хваробу і таксама прасілі сваіх багоў за яго. Так што яшчэ невядома, хто больш літасцівы да вялікага князя быў — ваш, хрысціянскі Бог, ці нашы, язычніцкія. (
Апанасій. Смуродзіў жа цэлую ноч...
Ізяслаў. Я на тваім месцы, прэсвітэр, таксама паслухаўся б княгіні, пайшоў бы адсюль. А то невядома, што гэты Холад наваражыў. У чый бок дым ад вогнішча сёння паказваў? Ты за свайго Бога стаіш, ён — за сваіх.
Апанасій (
Iзяслаў. Нешта не падабаецца мне сёння выгляд нашага ведуна. Адчувае, што стаю перад акном, можа, нават бачыў, што стаю, але не азірнуўся. Стаіць як зацяты.
Апанасій. Ведуны над князямі ўлады не маюць. Адзін Бог усім распараджаецца.
Iзяслаў. Над князямі не маюць, а над людзьмі маюць. Значыць, па вашай рэлігіі, прэсвітэр, трэба ставіць храмы. Капішчы не патрэбны?
Апанасій. Так, княжыч. Цэрквы, а на іх — званы.
Iзяслаў. Звон — яшчэ не малітва.
Апанасій. Адкуль табе ведама гэта, княжыч?
Iзяслаў. Гасціў у нас адзін кніжнік. Толькі ён быў не з грэчаскай зямлі. Зайшоў сюды праз княства палян. Дык той кніжнік і расказваў — і пра храмы, і пра званы, і пра службу ў храмах, і пра тое, што звон — яшчэ не малітва.
Апанасій. Няйначай, лацінянін.
Iзяслаў. Можа.
Апанасій. Вучэнне лацінян, княжыч, таксама хлуслівае. Вось паслухай: у цэрквах сваіх, а цэрквы ў іх сапраўды ёсць, лацінянін табе праўду казаў, але ў цэрквах тых яны не пакланяюцца іконам. Пішуць крыж на зямлі і спярша цалуюць, а тады становяцца на яго нагамі, топчуць... Гэтаму не вучылі апосталы. Апосталы вучылі цалаваць крыж і шанаваць ікону. Бачу, многія святары тут, па вашай зямлі, ходзяць...
Ізяслаў. То нікому яна не патрэбна была, то раптам...
Апанасій. Ісусу Хрысту спатрэбілася, княжыч. Гэта ён павярнуўся да яе тварам.
Ізяслаў. Добра, прэсвітэр. Ты кніжкі свае пакінь мне, а ўсё астатняе — забірай з сабой. Ды ідзі ўжо, раз княгіня незадаволена. А ў мяне тым часам да цябе просьба: будзеш у Кіеве, схадзі да братоў маіх і сясцёр, яны, відаць, і цяпер жывуць на Лыбядзі, у былым нашым доме. Скажы, што брат іх, Ізяслаў, не забыў іх. Маці таксама плача.