Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 3
Уладзімір Бутрамееў
Апанасій. Бачыш, княжыч, гоніць мяне адсюль твая маці.
Ізяслаў. Яна не цябе гоніць. Яна тваю веру не прымае. Бо лягчэй спакусіць маладога. А людзі ў гадах, як мая маці, цяжка расстаюцца нават са сваімі няхітрымі звычаямі, не тое што з багамі.
Апанасій. Ты не па гадах разумны, княжыч. I гэта без кніжак. Разумею, як бы ўзбагаціўся твой розум пры грамаце.
Iзяслаў. Мне захожыя святары часта чытаюць кнігі.
Апанасій. Гэта добра, княжыч, што ты ўмееш слухаць. Але самыя правільныя кнігі, каб ведаў, грэчаскія, з Царграда. (
Ізяслаў. Хутка дазнаемся. Але ты раскажы, прэсвітэр, як гэта было там, у Корсуне, калі бацька мой...
Апанасій. ...I вялікі князь прымаў новую веру?
Ізяслаў. Так.
Апанасій. Матухна твая толькі што казала, што прыняў ён яе з-за царыцы Ганны, але гэта ў яе старая злосць і рэўнасць гавораць.
Iзяслаў. Ты маю маці не чапай, прэсвітэр.
Апанасій. А напраўду было так. Вялікі князь захапіў Корсунь і паслаў царам Васілію і Канстанціну ў Царград сказаць: «Вось узяў ужо ваш град славуты. Чуў жа, што маеце сястру ў дзеўках: калі не аддасце за мяне, то зраблю і вашаму граду тое ж, што гэтаму».
Ізяслаў. Так, гэта голас майго бацькі. Чулі яго пад Пшэмыслам і Чэрвенам палякі. Перамог ён вяцічаў, праўда, на гэтых давялося хадзіць, лічы, за адзін год двойчы. Яцвягі таксама праз год пакарыліся кіеўскаму князю. Паспеў схадзіць мой бацька і на радзімічаў. Там яшчэ і цяпер, кажуць заезджыя сюды людзі, пішчанцы Воўчага Хваста баяцца... Заключыў нядаўна мір з балгарамі. Балгары так і сказалі: «Тады не будзе паміж намі міру, калі камень стане плаваць, а хмель — тануць».
Апанасій. Твая праўда, княжыч. Воін твой бацька выдатны. Але ці чуў ты размову яго са сваім дзядзькам перад заключэннем гэтага міру?
Ізяслаў. Ну?
Апанасій. Паглядзеў я палонных, кажа дзядзька вялікаму князю, дык усе яны, аказваецца, у ботах. Гэтыя даніну не стануць нам плаціць, пойдзем пашукаем сабе лапатнікаў.
Ізяслаў. Бацькаў дзядзька, вядома, дасціпны чалавек, прэсвітэр, але людзі таксама ці мала што выдумаць могуць. Нябось не ў Кіеве чуў пагудку гэту? За морам?
Апанасій. Ад людзей, княжыч.
Ізяслаў. Так, людзі паўсюль жывуць і гавораць. Аднак нельга песціць надзею, што яны аднолькава думаюць і пра сябе, і пра сваіх суседзяў. Дык што вялікія цары? Чым яны адказалі на дамаганні вялікага князя?
Апанасій. Не гонар нам, маўляў, хрысціянам, выдаваць за паганых; калі прымеш хрышчэнне, то і атрымаеш, гэта значыць, сястру, і царства нябеснае прымеш, і з намі аднае веры будзеш.
Iзяслаў. Эйш! I што ж вялікі князь?
Апанасій. Зноў праз паслоў перадаў: закон ваш я ведаю, вялікія цары, і пра веру хрысціянскую чуў і пра богаслужэнне таксама. Тады вялікія цары шлюць сваіх паслоў у Корсунь: «Дык хрысціся, калі ведаеш!» А вялікі князь на сваім стаіць: «Прыйдзіце з сястрой вашай, тады хрысціце мяне!» Пачалі вялікія цары перамаўляцца з Ганнай. Тая ў плач: «Лепш бы мне тут памерці!» А браты ў адказ ёй: «Можа, прывядзе праз цябе Бог наш Рускую зямлю да пакаяння, а нашу пазбавіць ад жахлівай вайны». Ледзь прымусілі ехаць сястру ў Корсунь.