Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 2
Уладзімір Бутрамееў
Апанасій. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. I новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку.
Рагнеда. Нішто яго не прымусіць адмовіцца ад пажадлівасці. Я добра ведаю яго, таксама як ведаю і тое, колькі ў яго наложніц, а то і звычайных палюбоўніц усяго на адну ноч: у Вышгорадзе — трыста, у Белгорадзе — трыста, у Бярэсце — дзвесце... Не, прэсвітэр, чорт у яго паміж рэбраў заўсёды будзе варушыцца, бунтаваць дурную кроў.
Апанасій. Я ж кажу, па нашай веры нават вялікаму князю можна мець усяго адну жонку. Так што...
Рагнеда. Ці не хочаш ты сказаць, што Уладзімір распусціць свае гарэмы, стане жыць з адной Ганнай? А грачанку сваю, чахіню, балгарыню ды ўсіх іншых развязе ў такія вось удзелы, як мой?
Апанасій. Твайго сына, княгіня.
Рагнеда. Няма чаго лішні раз напамінаць мне аб гэтым! I няма чаго настройваць сына супроць маці! Я ведаю, якія размовы ты вядзеш з ім!
Апанасій. Я выконваю волю яго бацькі, вялікага князя кіеўскага, і майго Бога, Ісуса Хрыста.
Рагнеда. А цяпер, прэсвітэр, слухай маю волю: куміраў мы сваіх бурыць пакуль не збіраемся тут! Скажы вялікаму князю, што мы яшчэ пажывём са старымі багамі. Так што, прэсвітэр, і табе далей знаходзіцца ў Ізяславе не варта.
Апанасій. Матухна княгіня!
Рагнеда. Яне жартую, прэсвітэр. Забірай свае медныя ды сярэбраныя крыжыкі, іконкі на шаўковых гайтанах, на сярэбраных ланцужках ды ступай, адкуль прыйшоў, не бянтэж людскія душы.
Апанасій. Бянтэжыць не варта, але надзею...
Рагнеда. На чаканне кары, на чаканне бяды?
Апанасій. Шлях зямнога жыцця кароткі, але ён нікчэмны перад вечнасцю пакутаў для адных і перад такой жа вечнасцю раю для другіх.
Рагнеда. Для тых, каго выбера твой Бог?
Апанасій. Так. Але і для тых, хто выбера яго і хто заслужыць перад ім.
Ізяслаў. Добрай раніцы, мама! (
Рагнеда. Як далася ноч, сын?
Ізяслаў. Над свяшчэнным лесам за Свіслаччу да раніцы елаўся куродым. Няйначай, вядун Холад зноў выведваў у багоў нейкую тайну.
Апанасій. Так, яшчэ звечара патыхала адтуль цяжкім дымам, ажно нельга было спаць. Відаць, гарэла ў земляных пячурках сырая трава і розная іншая цвіль.
Ізяслаў. Старая ваўчыца таксама выла да самай раніцы. Дазволь, матухна, забіць яе ці хоць бы напалохаць, каб не набліжалася да замка.
Рагнеда. Не, сын. Няхай жыве. Няхай ходзіць і вые. Мы разам будзем адыходзіць на той свет — яна і я. А вось прэсвітэр Апанасій пакіне нас сёння. (
Iзяслаў. Калі на тое будзе твая воля.
Рагнеда. Тым часам, сын, прывыкай ужо і да свае волі. Дык хочаш?
Iзяслаў. Хачу.
Рагнеда. Ну, то не варта нікуды адсюль хадзіць. Заставайцеся тут. А мне трэба распарадзіцца па замку. Бывай, праваслаўны прэсвітэр!
Апанасій. Што вялікаму князю сказаць?
Рагнеда (
Апанасій. Гарыслава?
Рагнеда. Не, Рагнеда. (