Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 6
Уладзімір Бутрамееў
Рагнеда. Аб чым задумаўся, Холад?
Холад. Можна знайсці шмат слоў, каб адказаць табе, княгіня. I ўсе яны будуць правільныя. I ўсе не скажуць да канца праўды. Бо словы ўвесь час мяняюцца. Няма ім ліку і меры.
Рагнеда. Затуманены для мяне сэнс тваіх слоў, вядун.
Холад. Я ўсё пра твайго цяперашняга госця.
Рагнеда. Дык адпусціла ж яго з замка!
Холад. Я не пра тое, княгіня. Вось хрысціяне кажуць, што мы, язычнікі, легкаверныя і прадажныя, што мы па цямноце сваёй панавыдумлялі сабе шмат багоў, да таго ж такіх, якія не маюць і не мелі жывой плоці. А самі хрысціяне што? Таксама вераць у тое ж: у тры дасканалыя сутнасці.
Рагнеда. Ты хутка можаш стаць такім чынам іхнім святаром.
Холад. Не кашчунствуй, княгіня. Але прыйшоў я пагаварыць вось пра што. Нашы багі патрабуюць новую ахвяру. Проста ім належыць яна па праву. Надышоў час чарговай ахвяры.
Рагнеда. Вы кідалі жэрабя?
Холад. Не. Учора змагаліся паміж сабой вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае.
Рагнеда. На каго ж падзьмула?
Xолад. Гэты раз на дзяўчыну.
Рагнеда. Што ж ты вочы адводзіш? Гавары!
Холад. На дачку злотніка твайго, Анею.
Рагнеда. Што яны, твае багі, памуціліся ў розуме?
Холад. Гэта не толькі мае багі, яны і твае, княгіня!
Рагнеда. А што мне сын мой скажа, княжыч Ізяслаў? Яны ж разам растуць! Думаеш, Ізяслаў ухваліць такую ахвяру?
Xолад. Раней гэта за шчасце лічылася — стаць ахвярай, паслужыць людзям.
Рагнеда. Я не пра людзей. Я — пра княжыча.
Холад. Княжыч наш хоць і малады целам, аднак узмужнелы розумам. Анея — не яго лёс, дарма што разам растуць. Я сон бачыў. Ізяслаў сядзеў на княскім стале.
Рагнеда. На Кіеўскім?
Холад. Не магу сказаць, княгіня. Гэта і мне невядома. Бачыў Ізяслава на княскім стале, а на якім — незразумела.
Рагнеда. Гэта адно аднаму не замінае. Ізяслаў і Анея... Не, вядун, тут штосьці не так. Ідзі ў свой лес, зноў пачынай чараваць. Скажы багам, што гэты раз яны памыліліся.
Xолад. Я ж казаў — змагаліся за Анею вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае...
Рагнеда. I ўсё-ткі, вядун!..
Холад. Анея цяпер не пара Ізяславу. Ды і вялікі князь не дазволіў бы мець яе свайму сыну за жонку.
Рагнеда. Пра князя ты памаўчаў бы!.. Уладзімір сам паходзіць ад рабыні. Хіба не чуў? Ад рабыні Малушы. Дык не яму пярэчыць, каб сын яго браў за сябе таксама з простых дзяўчыну?
Xолад. На тое воля князя. Але ахвяраваць гэты раз нашым багам мусіць сваю дачку твой злотнік, княгіня.
Рагнеда. Да яго хто-небудзь ужо хадзіў з гэтым?
Холад. Не.
Рагнеда. Вы падумалі сабе, што ён вараг, а не тутэйшы?
Холад. Гэта не мы думалі, княгіня. Як выбар паў на яго дачку, я ўжо сказаў. А што датычыць варага...
Рагнеда. Ён жа чужой веры!
Холад. Дзе яму ў нас тут трымацца было той веры? Нябось забыў ужо. Ды і калі ён быў у тых грэках? Ад язычнікаў прыйшоў у грэкі, да язычнікаў зноў прыйшоў. Нават наведваўся колькі разоў на свяцілішча да нашых багоў...
Рагнеда. I ўсё-ткі няўдалы выбар, вядун, ох няўдалы! I княжыч за сяброўку працівіцца стане, і бацька ўзбурыцца.