Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 11

Уладзімір Бутрамееў

Рагнеда. Але ў статак Красулю не выганяйце. Няхай пастаіць у кароўніку, дарма што павесялела. Ты вось што, нянька, ты прывядзі ў замак дачку майго злотніка, Анею. Ды глядзі, каб непрыкметна, каб ніхто не згледзеў.

Нянька. Зараз?

Рагнеда. Як здолееш, але ў бацькавай хаце яе не пакідай. Калі нельга будзе цяпер прывесці сюды непрыкметна, то схавай дзе-небудзь да цёмнага. I ў замку таксама схаваеш, нават каб і я не дужа здагадвалася, пакуль не спытаюся.

Нянька. Зраблю, матухна княгіня, зраблю.

Нянька выходзіць.

Заходзіць прэсвітэр Апанасій.

Апанасій. Матухна княгіня, гневайся ці не, але я не выканаў тваю волю: бачыш, яшчэ ў Ізяславе. Удзень не паспеў сабрацца ў дарогу, цяпер — вечар. Давядзецца новага дня чакаць.

Рагнеда. Як жа ты ладзішся, прэсвітэр, па вадзе?

Апанасій. Са мной, княгіня, слова божае. Хто яго на рэках чуцьме? Рыбы?

Рагнеда. Зрэшты справа твая. Як дабіраўся сюды, да нас, так і адсюль дарогу знойдзеш. Ты таксама, прэсвітэр, не гневайся, што прыспешваю. Не падабаецца мне, што цяпер многа бадзяецца па зямлі людзей, якія бянтэжаць людскія душы і пасяляюць у іх дарэмныя надзеі.

Апанасій. Такі промысел божы.

Рагнеда. Мы ўжо, здаецца, нагаварыліся з табой, прэсвітэр, і аб наканаванасці, і пра саміх багоў... Я цябе не за гэтым, на ноч гледзячы, паклікала. Значыць, пехатой збіраешся ісці?

Апанасій. Так, княгіня. Як развіднее, так і рушу.

Рагнеда. Адзін?

Апанасій. З Богам у душы і на вуснах.

Рагнеда. У Кіеў?

Апанасій. Па дарозе відаць будзе. Але ў Кіеў мне таксама патрэбна.

Рагнеда. У мяне да цябе просьба.

Апанасій. I ў мяне да цябе, княгіня, таксама.

Рагнеда. Ведаю.

Апанасій. Трэба ўратаваць дачку злотніка ад вашых багоў. Па-першае, ён сам грэчаскай веры, значыць, і дачка яго жыве ў той жа веры.

Рагнеда. Яна жыве тут са старымі багамі. I ў свяшчэнны лес разам з тутэйшымі людзьмі ходзіць. А што датычыць бацькі...

Апанасій. Дзяцей нельга адрываць ад бацькоў, княгіня.

Рагнеда (усё роўна як здзіўлена глядзіць на прэсвітэра, пасля гаворыць). А мае дзеці ведаеш дзе? З адным тут жыву. А іх у мяне ажно шасцёра.

Апанасій. На тое воля вялікага князя.

Рагнеда. Я даўно ўсё зразумела, прэсвітэр. Аказваецца, на ўсё ёсць нечая воля. А той,сапраўднай волі, якая завецца воляй, нідзе няма. Вось ты вольны?

Апанасій. Я — слуга божы.

Рагнеда. То слухай цяпер маю просьбу. Возьмеш з сабой у дарогу дачку майго злотніка.

Апанасій. Анею?

Рагнеда. Так. Вялікага здзіўлення гэта не павінна выклікаць у людзей. Да таго ж яе можна пераапрануць, каб не выглядала дзяўчынай. Вось і будзеце мець аднолькавы выгляд — дза вандроўнікі, слугі божыя.

Апанасій. А бацькі яе?

Рагнеда. Злотнік сам прыходзіў ратунку для яе прасіць.

Апанасій. Не, я не ў тым сэнсе. Бацькі яе тут застануцца?

Рагнеда. Ім нішто не пагражае.

Апанасій. Ты так думаеш, княгіня?

Рагнеда (не адказвае. Гаворыць). Але давядзецца вам ісці зараз, прэсвітэр, скрозь ноч, каб ніхто не ўведаў. Ты ступай, падрыхтуйся ўсё-ткі ў дарогу, калі яшчэ дасюль не зрабіў гэтага, а я тым часам пагавару з дзяўчынай. Нянька наша звядзе вас пасля. Ну, здаецца, усё. Ты перад сваім Богам загладзіш які-небудзь грэх гэтай справай, а я перад сваімі займею яшчэ адзін.