Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 10

Уладзімір Бутрамееў

Рагнеда. Маёй улады, злотнік, мала для свяшчэннага лесу.

Злотнік. Тады мне давядзецца падавацца са скаргай да вялікага князя ў Кіеў. Я служыць браўся, маючы волю. I я, і мая сям’я недатыкальны тут!

Рагнеда. Гэта ўсё, злотнік, зразумела. Але жаданне багоў...

Злотнік. Гэта інтрыгі ведуна, княгіня. I не багі гэта. Сама ведаеш.

Рагнеда. Я шаную сваіх старых багоў. Да таго ж ты павінен зразумець: тут — не Кіеў, тут — Ізяслаў. Што да цябе мае вядун Холад?

Злотнік. Да твайго злотніка, княгіня, усе нешта маюць. Адны — справу, другія — зайздрасць.

Рагнеда. Ну, а калі ты да Кіева дабярэшся? Да таго ж, мусіць, вялікі князь яшчэ не вярнуўся з Корсуня. Давядзецца, злотнік, скарыцца волі тутэйшых багоў. Тым больш што выбар іх датычыць лёсу тваёй дачкі, а не цябе.

Злотнік. Адумайся, княгіня! Трэба суняць ведуна! Супакой сваіх багоў!

Рагнеда (ледзь не ў адчаі). Ім патрэбна ахвяра, злотнік!

Злотнік. Мая дачка не можа быць прынесена ў ахвяру! Я зноў табе нагадваю: і я, і мая сям’я — яны вольныя. Мы служым па найму ў кіеўскага князя, дарма што прыслужваем цяпер табе.

Рагнеда. Але што я магу зрабіць супроць багоў?

Злотнік. Не багі гэта, а звычайнае дрэва! Сёння яно расце, а заўтра згніе. На зямлю ўпадзе. Гэтыя так званыя багі вашы не ядуць, не п’юць і не размаўляюць. Яны зроблены людзьмі. Бог адзін. Сапраўдны Бог. Стварыў ён неба, зямлю, зоркі, месяц, сонца і чалавека. I даў нам Ісуса Хрыста. А старыя багі што зрабілі? Самі яны зроблены! Не дам дачкі свае паганым!

Рагнеда. Супакойся. Давай разам падумаем.

Злотнік. Можа, княжыча папрасіць? Яны ж раслі разам з Анеяй? Яшчэ невядома, як ён на ўсё паглядзіць.

Рагнеда. Княжычу і словам не абмоўся! Яму — на паляванне. Ладна, ідзі, злотнік. Я падумаю. Да вечара яны ўсё роўна не паЕядуць яе ў лес. Ты ўстань!

Злотнік. Але з лесу ўжо яе не выбавіш, як павядуць!

Рагнеда. Вось ты казаў, што збіраешся паскардзіцца вялікаму князю. Нябось сам у Кіеў падаўся б? Але да Кіева далёка, а дачка твая патрэбна багам ці не для гэтай ужо ночы.

Злотнік. Дык што рабіць? Можа, забраць яе і знікнуць адсюль?

Рагнеда. Пярэймуць на дарозе. Вось што, знайдзі ты праваслаўнага прэсвітэра Апанасія, здаецца, ён яшчэ недзе тут. Хоць, прызнацца, абрыдзеў мне павучаннямі. Проста ледзь не за горла бярэ: адмоўся ад сваёй веры, прымі другую. Усе яны, гэтыя святары, у сваёй жорсткасці памыляюцца, бо вера да чалавека прыходзіць не так, як яны таго хочуць, нельга прымусіць верыць насуперак жаданню.

Злотнік. Наша хрысціянская вера...

Рагнеда. Памаўчаў бы ты і пра сваю веру!.. Нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом.

Злотнік. Пабойся Бога, княгіня!..

Рагнеда. Сам жа кажаш, іх у нас многа. Было многа, а цяпер пабольшала. Яшчэ твайго Уладзімір навязвае. Але няхай. Старыя багі доўга будуць змагацца з новымі. Дык пашукай, злотнік, прэсвітэра Апанасія. Калі яшчэ тут, у Ізяславе, няхай зойдзе да мяне.

Злотнік кланяецца, выходзіць.

Заходзіць нянька.

(Да яе.) Ну што там?

Нянька. Красуля, здаецца, пасвятлела, матухна княгіня!

Рагнеда. Шаптун быў?

Нянька. Ага. Кажа, што сапраўды нейкая благая трава трапілася ёй учора на лузе.