Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 100

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Гранаты, глядзі, гранаты якія. Рабрыстыя.

— Гэта каб лаўчэй кідаць...

— Ведаеш ты! Гэта каб больш асколкаў было...

Але больш за ўсё нас уразіў хлопец у ладным кажушку, у шапцы, з зорачкай і нават... з карабінам.

— Хіба і такіх бяруць?

— Добраахвотнік гэта.

Хлопец ехаў у кузаве грузавіка і глядзеў на нас з гонарам, як і належыць глядзець чалавеку, якому абавязаны людзі сваім вызваленнем.

Я іду дамоў, а перад вачыма ўсё той хлопец, і крыўда мяне бярэ: хіба я горшы за яго?

Праз дзень у нашай хаце размясціўся штаб. У двары наблытана правадоў, у парозе на ўслоне, дзе раней стаяла ражка, сядзіць салдат і ўвесь час крычыць у тэлефонную трубку:

— Рэзеда! Рэзеда! Паглухлі там, ці што?

Памаўчыць крыху і зноў:

— Рамашка! Ало, Рамашка!

А на двары з новай бацькавай сякерай ходзіць Сяргеіч, пажылы, вусаты дзядзька ў шынялі, падпяразаным ніжэй хлясціка. Ён шукае якую-небудзь дошку, каб збіць хоць часовы стол. Наш, калі мы сядзелі ў бабульчыным бліндажы, хтосьці паламаў. Што старога салдата завуць Сяргеіч, я ад бабулі пачуў. Яна з сябе корчыць вялікую гаспадыню — бегае за ім следам і ва ўсё ўмешваецца:

— Ты гэтай дошкі не руш, Сяргеіч, вунь тую лепш вазьмі. Гэтай столь замосцім, праламалі, гады паўзучыя.

Я злуюся на старую: усюды яна свой востры нос уткне. Тут вайна ідзе, а ёй дошкі шкада. Асмялела. Немцам так не камандавала.

— Вырас пад неба, а дурань як трэба,— адказала мне на гэта бабуля.— То ж немцы, а то свае.

Глядзі ты, Сяргеіч яе слухаецца. Ён абяцае сам залатаць столь: пяць хвілін страху.

— А гэта твой гаспадар, Матрона Яўсееўна? — цікавіцца ён, ківаючы на мяне.

— Ат! — махае рукой бабуля. Ды як махае! Варта, маўляў, на яго звяртаць увагу.— Без бацькі толку не будзе, скруціць галаву. Доўга цяпер?

— Прыйдзе бацька,— абнадзейвае Сяргеіч і спрытна чэша дошку. Трэсачкі адскакваюць роўныя, акуратныя.

— Дай жа бог,— уздыхае бабуля.

Вось прычапілася да чалавека і мне слова не дае ўставіць. Я пакрыўджана зноў іду ў хату, сноўдаюся там з кута ў кут, блытаюся ў штабных пад нагамі. Мяне абыходзяць, просяць не перашкаджаць.

Глыжка сядзіць на печы і грызе чорны салдацкі сухар, ажно іскры з-пад зубоў. А мне не сядзіцца, пагрэўся крыху і зноў блытаюся пад нагамі, прыкідваю, у каго б лепш спытаць пра добраахвотнікаў: бяруць іх ці не?

Чорны гарбаносы капітан, хутаючыся ў шынель, сядзіць над паперамі і п'е нейкія жоўтыя пілюлі. У яго малярыя.

Сяргеіч яго просіць:

— Кладзіцеся на ўслон ды ўкрыйцеся маім кажухом.

Капітан адмоўна круціць галавой і каторы раз пытае тэлефаніста:

— Кузьмін, першы маўчыць?

— Маўчыць,— вінавата адказвае Кузьмін.

Капітан мне падабаецца: мужны, шыракаплечы, падцягнуты. Чхаць ён хоча на малярыю. Нашым малярыя хоць бы што. Вось толькі ён ужо занадта строгі. 3 маім пытаннем да яго не паткнешся.

Тэлефаністу таксама не да мяне.

— Рэзеда, рэзеда! — крычыць ён без пярэдыху.

Па хаце ходзіць малады лейтэнант. Шынель на ім з іголачкі, фарсістыя боты гармонікам і новая шапка насунута на адно вуха. Лейтэнант вясёлы і гаваркі.

— Як сухары, братва? — спытаў ён у Глыжкі, а потым пачаў песню спяваць: