Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 84
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Так-сяк я выбраўся на сухую грыву, абмыўся крыху ў травяністай калдобіне, павесялеў. Па дарозе ўзнік новы план: не даганю таго хлопца, пайду ў лес сам. Адна толькі перашкода — рака. Ды, можа, як-небудзь перабяруся. Знайду бервяно і пераплыву.
Як складуцца абставіны ў лесе, пакуль што цяжка сабе ўявіць. Але ў хлапечым сэрцы багата надзей. Зразумела, мне сустрэнуцца партызаны. I вось ужо ўяўленне малюе перад вачыма грозныя і радасныя падзеі самай бліжэйшай будучыні. Мы ідзём нячутна, як цені. Я — наперадзе, паказваю дарогу, за мной — камандзір атрада, за камандзірам — ліхія хлопцы з аўтаматамі, вінтоўкамі і гранатамі. На дварэ ноч, спяць сабе Няўмыка, Ахонька і ўся іх хеўра, спіць таўсташыі Санькаў фашыст, толькі ходзяць пад вокнамі вартавыя. Яны і не здагадваюцца, што іх чакае праз некалькі мінут.
I вось я даю сігнал узмахам рукі. Партызаны па камандзірскаму загаду рассыпаюцца па вуліцы, бягуць уздоўж платоў. I раптам — тра-та-та-та. Гэта стракоча наш кулямёт. Я ляжу побач з кулямётчыкам і падаю стужку з патронамі.
— Ці-у, ці-у,— спяваюць кулі. Кулямёт змоўк.
— Дзядзька, што з вамі, вы забіты? — падскакваю я.
— Не,— адказвае партызанскі кулямётчык словамi з песні,— я забіт не забіт, а цяжка ранены...
А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. Яны думаюць, што іхняе ўзяло, весела гергечуць, але таго не ведаюць, што за кулямётам я.
— Тра-та-та-та. А, што? Не падабаецца, гады паўзучыя?
I вось я імчуся на добрым, баявым кані. Адкуль узяўся конь, пакуль што невядома. Ды гэта не так ужо і важна. Гараць хаты паліцэйскіх, а ўсе астатнія полымя не кранае. Людзі радасна сустракаюць вызваліцеляў.
— Глядзі ты? — здзіўляюцца яны.— Ды гэта ж Сырцоў Іван.
— Які?
— Ды Кірылаў большы хлопец!
— Вось і вазьмі яго за руб дваццаць. Яшчэ ўчора карову пасвіў, а сёння на табе, камандзір. Ці не галоўны ён у іх?
— Гэта ён за Саньку так помсціць.
I раптам варожая куля прабівае наскрозь мае мужнае сэрца. Нада мной схіліліся партызаны і аднавяскоўцы. Я нежывы, але добра чую, што яны гавораць:
— Геройскі быў чалавек, даваў немцам прыкурыць...
Праўда, я паміраю не зусім і хутка ачуняю.
Пад такія прыемныя думкі легка ідзецца. Далека за спіной засталася родная веска. Яна схавалася ў кучаравых шатах вербаў, і толькі школа стаіць на гары як на далоні, глядзіць мне ўслед пустымі вокнамі.
Да лесу засталося трэць дарогі. Здалёк ён здаваўся сінім шчарбатым парканам, цяпер можна разгледзець медныя, магутныя ствалы соснаў. Асабліва тых, што стаяць на самым пясчаным беразе.
Там, за ракой, ужо другая зямля, там, у густым бары, жывуць мае надзеі. Мне хочацца ўбачыць людзей, якім я нясу свае крыўды, але колькі ні ўглядаюся, пакуль што кічога не відаць. Не ходзяць між соснаў партызаны, не глядзіць іх разведчык на мяне ў бінокль.
На беразе старога рэчышча, уздоўж якога ідзе ўжо зарослая травой лугавая дарога на Старую Рудню, я падкасаў штаны і пайшоў шукаць броду. Вада ўжо халодная, пад нагамі распаўзаецца ліпкі глей. Ступіш убок і зусім загразнеш па пояс. Але пераправа прайшла удала. Намокла толькі адна калашына. Я выйшаў на супрацьлеглы бераг здаволены сам сабой. Адным водным рубяжом менш. Застаўся яшчэ адзін, але самы галоўны.